Сям'ю буслоў ратавалі ў Браслаўскім раёне

31 июля 2017

У Браслаўскім раёне разгарнулася незвычайная спецаперацыя. Тут ратавалі сям'ю буслоў. Пасля буры птушанят гадавалі суседзі. Сюжэт Марыны Раманоўскай.

Валянціна Свірко жартуе, што ўжо амаль на выдатна асвоіла мову буслоў. І здаецца, крылатыя суседзі яе таксама добра разумеюць. Нядаўна ў невялікай вёсачцы разгарнулася сапраўдная аперацыя па выратаванні птушынай сям'і. Падчас навальніцы моцны вецер сарваў гняздо з птушанятамі, зусім яшчэ слабых малышоў прыціснула галінкамі.

Пакінуць у бядзе сям'ю буслоў неабыякавыя вяскоўцы не змаглі і зрабілі для птушак новае жыллё - гняздо з галінак і саломы. Новы дом спачатку спадабаўся птушанятам, а крыху пазней і буслам-бацькам.

Праўда, апартаменты апынуліся часовымі. Дарослыя птушкі адразу ж прыняліся будаваць новае, больш надзейнае гняздо. Увесь гэты час разам з бусламі-бацькамі птушанят даглядалі і людзі. Паспеў пасябраваць з птушкамі нават суседскі сабака.

Мясцовыя жыхары распавядаюць: маляўнічыя месцы раёна даўно ўпадабалі буслы. Уздоўж дарогі амаль ля кожнага дома - жыллё грацыёзных птушак. У вёсцы вераць: гэта добры знак. І кожную вясну з нецярпеннем чакаюць прылёту крылатых суседзяў.

Як дома пачуваецца і гэты белы бусел. У віцебскім заапарку ён жыве ўжо чатыры гады. У добрыя рукі патрапіў з траўмай. Тут птушаня вылечылі. І зараз ён улюбёнец самых маленькіх наведвальнікаў.

Птушаняты, выратаваныя ў вёсцы Рудава, цалкам ачунялі. Іх ужо амаль немагчыма адрозніць ад дарослых птушак. Але ўсё ж адна асаблівасць, гавораць мясцовыя жыхары, ёсць: маладыя птушкі зусім не баяцца чалавека. І, падаецца, што нават свой першы палёт яны прысвяцілі людзям у знак падзякі.