Сям'я Івашка прадставіць Мінскую вобласць на конкурсе "Сям'я года"

10 октября 2019
У гэтую суботу стануць вядомыя пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года". Удзел у ім прымуць сем пар - фіналісты абласных конкурсаў. 

Мінскую вобласць прадставіць сям'я Івашка з горада Нясвіжа. Дзмітрый і Анастасія разам ужо больш за 10 гадоў, выхоўваюць пяць дачок. У родным горадзе заснавалі клуб шматдзетных  бацькоў і сваім прыкладам паказваюць, якой павінна быць дружная і моцная сям'я. Наталля Кузьміцкая наведала канкурсантаў.

Апошнім часам вось так сабрацца за адным сталом, спакойна пасядзець і пагутарыць у сям’і Івашка атрымліваецца нячаста. Ужо некалькі тыдняў у іх даволі напружаны графік: інтэрв’ю, здымкі і штодзённыя рэпетыцыі - яны рыхтуюцца прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе "Сям’я года". 

Кожнае дзіця ў гэтай сям'і - доўгачаканая радасць. І ў сваіх прынцэс, інакш не скажаш, бацькі імкнуцца развіваць і падтрымліваць усе таленты. Старэйшая Мілана займаецца маляваннем і наведвае тэатральную студыю, Ульяна піша вершы і іграе на піяніна, Дзіяна ходзіць у танцавальны гурток. Малодшыя Паліна і Арына пакуль дома - маленькія матуліны памочніцы.

Яны імкнуцца праводзіць разам любую вольную гадзіну. І вакол сябе аб’ядналі шматдзетныя сем’і Нясвіжа: ладзяць спаборніцтвы, пікнікі, турыстычныя паездкі. Таму невыпадкова, што менавіта гэтай дружнай і актыўнай сям'і выпала адказная місія - прадэманстраваць свае здольнасці і таленты, а праз іх і галоўныя сямейныя традыцыі Мінскай вобласці.