Семінар кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў у Мінску

10 июля 2017

Беларускі экспарт вырас амаль на 23 %. Сёлета за пяць месяцаў лічба дасягнула 2 мільярды долараў. Новыя звесткі агучыў міністр замежных спраў, выступаючы сёння перад кіраўнікамі беларускіх дыпмісій. Аднак Уладзімір Макей папрасіў працягваць прадуктыўную працу па папулярызацыі айчынных тавараў і паслуг. Знайсці аптымальныя рашэнні і зверыць гадзіннікі дапамагаюць семінары для паслоў, якія штогод праводзяць у Мінску. Фармат цяперашняй вучобы дыпламатаў прадугледжвае нараду з удзелам Кіраўніка дзяржавы.

Андрэй Савіных, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі:

"Сучасны свет імкліва мяняецца, фарміруецца шматпалярны свет з усімі наступствамі. Натуральна, гэты працэс звязаны з сур'ёзнымі ўзрушэннямі і сур'ёзнымі зрухамі - тэрытарыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі. Мы не можам не ўлічваць гэтыя тэндэнцыі. А тут увязваецца ўсё: і бяспека, і эканоміка, і палітычныя адносіны".

Вучоба паслоў прадоўжыцца да канца тыдня. Тэматыка мінскіх семінараў - ад пытанняў знешняй палітыкі і эканомікі да турыстычных магчымасцяў Беларусі і развіцця спорту.