Сямі жыхарам Стаўбцоўскага раёна прызначаны курс прышчэпак. Каранцін у рэгіёне прадоўжыцца 2 месяцы

30 января 2019

У полі зроку ўсіх адказных службаў і сітуацыя ў Стаўбцоўскім раёне. Лячэнне праходзяць 4 пацыенты, якіх 26 студзеня пакусаў шалёны воўк. Мы распавядалі пра гэта ў нашых выпусках. Сёння стала вядома, што і яшчэ 3 чалавекі кантактавалі з жывёлінай. Курс прышчэпак зараз праходзяць і яны. Мы сочым за сітуацыяй. Узмоцнена ў рэгіёне працягваецца і вакцынацыя свойскіх жывёлін, напярэдадні мясцовыя ўлады ўвялі каранцін. Ветэрынарныя станцыі штодня прышчэпліваюць сотні свойскіх кошак і сабак. Праца ветстанцый у Стоўбцах прадоўжаная да 8 гадзін вечара, каб людзі нават пасля працы змаглі прывесці сваіх гадаванцаў на вакцынацыю. Адзначым, вірус шаленства ў жывёлін не лечыцца, а захворванне ў чалавека можа прывесці да смерці. На месца здарэння адправілася наша здымачная група.

Расказвае Уладзімір Каралёў.

Дагэтуль на вуліцы Зарэчнай у Слабадзе бачныя сляды крыві. Позна вечарам воўк напаў на людзей, які вярталіся з электрычкі дахаты. Анатаміраванне паказала, што жывёліна хварэла на шаленства. Зараз у рэгіёне - у Стоўбцах і аграгарадку Слабада - аб’яўлены рэжым каранціну.

Самае страшнае наперадзе, тлумачаць спецыялісты. Трэба ўсталяваць усіх, з кім кантактаваў шалёны воўк апошнім часам. У рэгіёне ідзе адстрэл бяздомных жывёлін. На час каранціну не рэкамендуецца выводзіць на вуліцу кошак і сабак, а гуляць толькі разам з імі.

Вадзім Тамашэвіч, загадчык Стаўбцоўскай гарадской ветэрынарнай бальніцы: "Шаленства небяспечна і для жывёл, і для людзей, таму што вірус перадаецца і са сліной, і з крывёй. Вы нават калі выкідаеце смецце, можаце занесці прама ў дом гэтыя сліны, заразіць жывёліну. Таму шаленства прышчэпліваецца ў абавязковым парадку. Гэта прышчэпка ў нашай краіне №1, ды і, напэўна, ва ўсім свеце".

 

З моманту ўвядзення каранціну толькі на гэтай станцыі прышчэпліваецца больш за 100 жывёлін за дзень. Прадоўжаны рэжым працы ветэрынарных устаноў да 8 вечара. Адны брыгады робяць прышчэпкі дома, другія абслугоўваюць у ветустановах. У Слабадзе, дзе і было нападзенне ваўка, напярэдадні спецыялісты вакцынавалі ўсіх свойскіх жывёлін. У Стоўбцах праца працягваецца.

Многія самі прыходзяць у ветстанцыі, разумеючы, што прасцей прадухіліць шаленства. Бо для жывёлін лячэння ад гэтага віруса проста няма.

А вось тыя, хто кантактаваў з ваўком або пацярпеў ад яго ўкусаў, сёння самі пад назіраннем урачоў. Некалькі дзён таму Міхаіл Іванавіч параніў шалёнага ваўка віламі і выратаваў суседку ад гібелі.

Што тычыцца пацярпелых ад укусу ваўка, 4 чалавека па-ранейшаму ў бальніцы. Жыхарка аграгарадка Слабада знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім, але стабільным стане. Урачы пакуль не бяруцца рабіць прагнозы.

Пакуль вядома пра 7 жыхароў Стаўбцоўскага раёна, якім прызначаны курс прышчэпак з-за шалёнага ваўка. Каранцін у рэгіёне прадоўжыцца 2 месяцы.