Сям'я Паплаўскіх і Ціхановічаў прыбыла на ўчастак для галасавання ў поўным складзе

11 сентября 2016

Да закрыцця ўчасткаў для галасавання застаецца меней за 2 гадзіны. Беларусы працягваюць рабіць свой выбар, актыўна ўдзельнічаюць у важнай палітычнай падзеі краіны. Зараз наша здымачная група знаходзіцца на ўчастку 529, які размясціўся ў сталічнай гімназіі 23 на праспекце Незалежнасці. На прамой сувязі са студыяй - Іна Пілевіч.

Безумоўна, пік актыўнасці выбаршчыкаў прыпаў на дзённы час. Тым не менш участак для галасавання №529 не пустуе. Людзі прыходзяць сюды з пашпартамі, каб выканаць свой грамадзянскі доўг і паставіць галачку насупраць прозвішча аднаго з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

За некалькі хвілін да прамога ўключэння мы сустрэлі тут пару вядомых артыстаў. Сям'я  Паплаўскіх і Ціхановічаў прыбыла на ўчастак для галасавання ў поўным складзе. Народныя артысты Беларусі тут разам з дачкой і ўнукам. Знакаміты дуэт прызнаўся, што адклаў працэдуру галасавання на вечар ад занятасці. Некалькі гадзін таму артысты вярнуліся з Масквы, дзе прынялі ўдзел у канцэрце.

Хочацца дадаць, што на ўчастку для галасавання №529 пануе атмасфера свята. Апроч харчовага кірмашу, тут на працягу дня культурная і спартыўная праграма. У выбаршчыкаў ёсць магчымасць не толькі прагаласаваць, але і цікава правесці свой выхадны. У гэтыя хвіліны ў суседнім памяшканні праходзіць канцэрт. Выступаюць аматарскія, заслужаныя і народныя калектывы. Таксама дзейнічае выстава "Падарожжа па роднай краіне". На вуліцы і ў памяшканні гучыць фонавая музыка. Усё гэта стварае ўрачыстасць. Забаўныя мерапрыемствы будуць доўжыцца аж да 8 вечара - да закрыцця ўчастка для галасавання.