Сямейных скандалістаў будуць высяляць з кватэр

2 Снежня 2013
Праўда, максімум на месяц. Абноўлены закон аб прафілактыцы правапарушэнняў рыхтуюцца прыняць у парламенце. Чым выкліканая неабходнасць узмацніць жорсткасць меры ў дачыненні хатніх агрэсараў, і чаго яшчэ чакаць тым, хто не прывык да спакойнага сямейнага жыцця.

Ксенія Рабчынская выслухала меркаванні ўсіх бакоў.

Участковага Уладзіміра Сліжэўскага ў гэтай кватэры сустракаюць як старога знаёмага - хіба што сабака пакуль яшчэ да яго не прывык. Пэўна, таму што з'явіўся ён значна пазней, чым міліцыянер упершыню сюды завітаў. Сем гадоў таму. З тых часоў - як на працу: то суседзі на іх паскардзяцца, то, і гэта часцей, самі жыхары міліцыю выклікаюць.

Каменем спатыкнення паміж маці і дачкой становіцца часцей за ўсё алкаголь. Як і ў шматлікіх іншых сем'ях, усяго іх толькі ў гэтым раёне каля 5 тысяч.

Перыядычна - гэта каля 20 выклікаў толькі ў адным сталічным раёне за ноч. Тэлефануюць часцей за ўсё жанчыны, якіх збівае муж. Радзей - суседзі, якім сваркі перашкаджаюць спаць.

Прафілактычныя гутаркі, штрафы і нават арышты на сямейных скандалістаў дзейнічаюць не заўсёды. Да таго ж, самі ахвяры сямейнага гвалту пакуль вядзецца расследаванне часта прабачаюць мужоў і забіраюць заяву: і тут застаецца толькі варажыць: па добрай волі або з-за пагроз агрэсара. Каб да варажбіткі не хадзіць, у абноўленым праекце закону па прафілактыцы правапарушэнняў, які зараз распрацоўваецца, з'явіцца новы артыкул: Ахоўны загад.

Алег Каразей, начальнік упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі: Калі другі раз на працягу года чалавек учыніць гвалт у сям'і, да яго могуць быць выкарыстаныя наступныя меры абмежавальнага характару: гэта можа быць забарона на зносіны з ахвярай насілля ў сям'і, забарона на ўстанаўленне звестак аб месцазнаходжанні ахвяры ў сям'і, забарона на распараджэнне агульнай сумеснай маёмасцю.

Але, бадай, самым галоўным пунктам у новым дакуменце стане загад пакінуць кватэру - на тэрмін ад 3 сутак да 30 дзён. Такі механізм ужо паспяхова працуе, напрыклад, у Аўстрыі.

Калі прасцей - сямейны агрэсар будзе вымушаны на месяц змяніць свой дом на казённы - яму дадуць койка-месца ў адным з тэрытарыяльных цэнтраў. Калі ж сваркі і бойкі паўторацца, скандаліста зноў высяляць, і няма ніякіх абмежаванняў на колькасць вынесеных яму ахоўных загадаў - а гэта значыць, што дома ён, калі не выправіцца, можа пазбавіцца назусім.

Зусім хутка дэпутаты разгледзяць законапраект у другім чытанні - гэта значыць, што туды яшчэ могуць быць унесеныя папраўкі. Але галоўная мэта, абяцаюць, застанецца ранейшай - гэта бяспека ў сям'і.