Сем краін за шэсць дзён на хуткасці 100 кіламетраў за гадзіну

30 сентября 2016

Нямецкі аўтамабіліст усталяваў новы сусветны рэкорд, пакарыўшы адлегласць ад Магадана да Лісабона. Гэты транс’еўразійскі рэкорд не адзіны ў кар'еры гоншчыка. Былі яшчэ падарожжы і тры перамогі. Пасля кожнай чэмпіён выбірае адну з краін, праз якую пралягае яго маршрут, сустракаецца з выхаванцамі дзіцячых SOS-вёсак і пералічвае на іх рахунак грошы. Гэтым разам адзін з самых працяглых прыпынкаў аўтамабіліст зрабіў у Беларусі. З чэмпіёнам сустрэлася Таццяна Кароль.

Гэты шлях - ад Магадана да Лісабона - ён праехаў, усталяваўшы сусветны рэкорд. Нямецкі аўтагоншчык Райнер Цытлоу і яго каманда пакарылі адлегласць у 15 тысяч кіламетраў за 6 дзён і 9 гадзін. Усяго праехалі 7 краін, сярод іх і Беларусь.

Райнер Цытлоу, сусветны рэкардсмен-падарожнік: "Скажу адразу - зараз я фанат вашай краіны. Беларусь можна назваць такім схаваным чэмпіёнам з вялікімі магчымасцямі. Тут вельмі дружалюбныя людзі і дзіўная прырода. Тут сапраўды можна спакойна правесці водпуск".

І водпуск аўтамабілісту ў найбліжэйшы час ужо сапраўды спатрэбіцца. Бо за час паездкі Райнер Цытлоу спаў усяго па 15 хвілін за суткі. Гаворыць, на бяспеку руху гэта зусім не паўплывала - выкарыстоўваў спецыяльную методыку глыбокага сну. Яна замяняе 5-6 гадзін традыцыйнага адпачынку. Яшчэ адзін стымул для такой экстрэмальнай паездкі - дабрачыннасць.

Частку свайго чэмпіёнскага ганарару гоншчык гэтым разам пералічыў тым, хто загранічную экзотыку бачыў хіба што на малюнках у кніжках.

Усе атрыманыя сродкі ад рэкламы, а гэта 3 тысячы еўра, рэкардсмен перавёў на рахунак вось гэтай дзіцячай вёскі ў Мар’інай Горцы. Тут зараз жыве 71 дзіця, па сутнасці, гэта 12 сем'яў. І дапамагаць такім дзецям, якія засталіся без бацькоў, для чэмпіёна ўжо стала традыцыяй.

Галоўная мэта такой SOS-вёскі - стварыць атмасферу сапраўднай сям'і. У кожным доме тут жыве па 7-8 дзяцей, выхавальнік - разам з імі, але гэтага слова тут не чуваць наогул, усе без выключэння называюць яе мамай. Як і ў традыцыйнай сям'і, дзеці, вядома, вучацца, ходзяць у гурткі. Адзін з самых папулярных - каратэ. Не выключана, што пасля сустрэчы з легендарным гоншчыкам у самых маленькіх прыхільнікаў усходняга адзінаборства з'явяцца новыя кімано.

Дзмітрый Калтовіч, дырэктар SOS-дзіцячай вёскі ў Мар’інай Горцы:

"Гэтыя грошы пойдуць на агульнае фінансаванне SOS-дзіцячых вёсак, цалкам магчыма, на спартыўнае абсталяванне, абсталяванне для дзяцей, якія займаюцца каратэ-до".

А пакуль выхаванцы сямейнага дома ўспамінаюць сустрэчу з чэмпіёнам. А хлапчукі прызнаюцца, у марах паўтарыць, а тое і палепшыць рэкорд гоншчыка, каб беларускія імёны аўтапрафесіяналаў загучалі на ўвесь свет.