Сельскі Дом культуры ў Барысаўскім раёне ператвараецца ў руіны

13 октября 2016

Ужо чвэрць стагоддзя будынак не дабудоўваюць, не зносяць і не прадаюць... Пабудову развалакваюць. А тым часам на культурных руінах свой вольны час бавіць моладзь. А як інакш? Больш культурных аб'ектаў у гэтай мясцовасці няма. Сітуацыяй зацікавіліся супрацоўнікі Дзяржкантролю. Разам з імі магчымае вырашэнне праблемы шукаў і Уладзімір Каралёў.

Некалькі залаў для хору і танцаў, памяшканні для банка, аптэкі і нават карцінная галерэя. Адкрыццё двухпавярховага Дома культуры чакалі ўсёй вёскай. Але ўсё засталося толькі ў планах.

Прыступкі, якія вядуць да гэтага даўгабуду, ужо даўно параслі травой і пакрыліся мохам. У пачатку 90-х гэты Дом культуры павінен быў стаць гонарам вёскі. А зараз, праз чвэрць стагоддзя, па дакументах гэта нават не  будынак - будаўнічыя матэрыялы.

Адрамантаваць, знесці, прадаць або закансерваваць яго не могуць - бо гэта не дом, сцвярджаюць дакументы. З гадамі пабудова трухлее. Унутраныя перагародкі разабраныя, вокны пабітыя, вадаправод і ацяпленне непрыдатныя. Як атрымалася так, што будынак адным росчыркам пяра стаў будматэрыяламі, ужо наўрад ці хто ўспомніць. Хтосьці з чыноўнікаў юрыдычным неведаннем змяніў будучыню гэтага месца на доўгія гады.

Чаму гэта не зрабілі 25 гадоў таму, у Дзяржкантролі не ведаюць, але намякаюць на відавочную недапрацоўку мясцовых улад. Тыя, у сваю чаргу, разводзяць рукамі: зрабіць будматэрыялы домам зваротна яны не ў сілах!

Любы педагог пацвердзіць: алкаголь, цыгарэты і наркотыкі з'яўляюцца ў жыцці падлетка ад нуды, калі школьнік жадае пакаштаваць нешта новае. У вёсцы, дзе няма кінатэатра і дыскатэкі, паўразбураны будынак Дома культуры выкарыстоўваецца як мясцовая піўная ў старшакласнікаў. А магло бы быць зусім інакш.

Цэнтр вольнага часу ў вёсцы Лошніца. Тут амаль 35 гадоў працуе такі ж Дом культуры: песні, танцы, гурткі - усё гэта 5 дзён на тыдзень. Узровень культуры вышэйшы - менш здарэнняў.

Юрыдычна можна ажывіць паўразбураны будынак Дома культуры ў вёсцы Вялікія Ухалоды. Савету дэпутатаў варта змяніць сваё рашэнне наконт статусу гэтага аб'екта. А вось калі чыноўнікі адным росчыркам пяра будматэрыялы пераназавуць у дом, пакажа час.