Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці заахвочваюць перспектыўных маладых спецыялістаў

28 мая 2020
Ільготнае будаўніцтва жылля і важкі сацыяльны пакет. Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці заахвочваюць перспектыўных маладых спецыялістаў пэўнымі сацыяльнымі гарантыямі і матэрыяльнай падтрымкай. Высокая канкурэнцыя на працаўладкаванне штогод складваецца ў адным з самых паспяховых сельгасраёнаў вобласці - Нясвісжкім. Надзея Сербіненка раскажа, якія ўмовы для працы моладзі створаны ў АПК на поўдні цэнтральнага рэгіёна.

Анастасію Роўду можна назваць гарадской дзяўчынай. Да 18 гадоў яна жыла ў Віцебску. Потым - паступленне ў Горацкую сельгасакадэмію і размеркаванне ў "Сноў". А гэта пастаянная занятасць на ферме, шасцідзённы працоўны тыдзень. І ўсяго праз шэсць гадоў Анастасія становіцца галоўным заатэхнікам аднаго з найбуйнейшых агракамбінатаў краіны. У свае 28.

Анастасія Роўда, галоўны заатэхнік агракамбіната "Сноў":  "Што мяне здзівіла - як толькі я прыехала сюды, нам адразу далі жыллё - двухпакаёвую кватэру. Таму, вядома, вельмі хацелася тут застацца".

Такой стратэгіі - па падтрымцы маладых кадраў і назначэнні іх на кіруючыя пасады - прытрымліваецца кіраўнік агракамбіната, старшыня Аграпрамысловага саюза Беларусі Мікалай Радаман.

Мікалай Радаман, старшыня агракамбіната "Сноў": "Для таго, каб замацаваць маладыя кадры на сяле, трэба ім плаціць годную зарплату, асабліва маладым, даць выхадны. Жыллё - самае галоўнае. За год мы будуем каля 30 кватэр. Сёлета ўвядзём 18- і 8-кватэрныя дамы".

Увогуле, у “Снове” заўсёды шмат увагі надаюць сацыяльнай інфраструктуры. Сам аграгарадок, як і найбліжэйшыя вёскі, па якасці жыцця ўжо мала чым адрозніваюцца ад горада.

Мікалай Радаман, старшыня агракамбіната "Сноў": "У нас сацыяльныя аб’екты: і басейн, і дзве трэнажорныя залы, і два фітнес-цэнтры, музычная школа, школа мастацтваў, спартыўныя секцыі, куды можна дзетак адвесці, аркестр, ансамбль, тэатр свой. Вядома, добрая зарплата - сярэдняя 1100 рублёў".

У Нясвіжскім жа раёне - у пасёлку Альба - завітваем да сям'і Скрыбаў. Абодва маладыя спецыялісты таксама працуюць у АПК. Інтэрв'ю з Юліяй і Вадзімам мы запісвалі каля іх новага дома. Праз 8 гадоў яны змогуць яго цалкам выкупіць. 

Усяго ў Мінскай вобласці 660 тысяч сельскіх жыхароў. Гэта самы высокі працэнт па краіне. І як вынік - менавіта цэнтральны рэгіён - традыцыйны лідар па вытворчасці малака, мяса і ўраджайнасці збожжавых. Толькі летась у сельгасарганізацыі вобласці па размеркаванні прыбылі 650 маладых спецыялістаў. Гэта кадры са свежым поглядам на сельскую гаспадарку, якія сёння і ствараюць аграрны сектар новага пакалення.