Сакрэты прагнозу надвор'я

28 октября 2014
Штодня а адзінаццатай гадзіне раніцы сталічныя сіноптыкі расказваюць жыхарам Мінскай вобласці пра надвор'е на заўтра. За апошняе дзесяцігоддзе сусветная метэаралагічная супольнасць стала больш дакладнай. Так, у сярэднім прагноз на суткі спраўджваецца на 95 працэнтаў. Але ж галоўная задача для беларускіх сіноптыкаў - гідраметэаралагічная бяспека.

Надзея Сербіненка даведалася, як ствараецца прагноз надвор'я.

Прагноз надвор'я - гэта навукова абгрунтаванае меркаванне аб развіцці атмасферных працэсаў. Гэта значыць, што ўжо ў слове прагноз ёсць пэўная доля памылкі. І чым большы тэрмін разлікаў, тым большы працэнт памылкі. Таму прагноз на суткі апраўдваецца на 95 працэнтаў, а на месяц - усяго на 70.

Мінімізаваць шкоду і, самае галоўнае, пазбегнуць чалавечых ахвяр у сілах сіноптыкаў. Таму кругласутачна тут працуюць двое дзяжурных, якія сочаць за ўсімі прыборамі. А іх амаль дваццаць.

Скласці прагноз дапамагае сінаптычная карта. У яе стварэнні калектыўна прымае ўдзел ўвесь свет.

Сінаптычная карта - гэта звычайная геаграфічная карта са звесткамі пра надвор'е ў рэальным часе. Для лепшага візуальнага ўспрымання сіноптыкі кожныя тры гадзіны расфарбоўваюць карту. Зялёным колерам звычайна абазначаюць ападкі, жоўтым - туман, чырвоным - цёплы атмасферны фронт, а сінім - халодны.

Пасля таго як сіноптык прагледзеў, прааналізаваў, супаставіў увесь матэрыял, ён нарэшце стварае прагноз надвор'я.


Калі ў суседняй краіне назіраюцца небяспечныя з'явы, нашы сіноптыкі першымі даведаюцца пра гэта ад калег з-за мяжы. А гэта значыць, што і жыхары цэнтральнага рэгіёна наконт форс-мажораў ад нябеснай канцылярыі будуць папярэджаныя своечасова.