Сакрэты кітайскіх урачоў раскрывае першы ў Гродне Цэнтр кітайскай традыцыйнай медыцыны

3 марта 2018

Без таблетак і ўколаў - лячыць мігрэні і вяртаць слых масажам і акупунктурай цяпер будуць і ў Гродне. Сакрэты кітайскіх урачоў раскрывае першы ў рэгіёне Цэнтр кітайскай традыцыйнай медыцыны. Што такое энергетычныя мерыдыяны на целе чалавека, і чаму гэта сапраўднае лячэнне, а не фантастыка?

Водгукі першых пацыентаў - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова. У гэтым медыцынскім цэнтры не знойдзеш ніводнай таблеткі ці мікстуры. Нават звычайны галаўны боль тут лечаць іголкаўколваннем. Урачы ўсяго некалькі месяцаў таму спецыяльна прыехалі ў нашу краіну з Паднябеснай і першы час даведваюцца пра сімптомы пацыентаў праз перакладчыкаў. У сябе на радзіме кожны з кітайскіх урачоў - адукаваны і вопытны спецыяліст. Сяо Хун - галоўны ўрач Гродзенскага цэнтра, 5 гадоў ва ўніверсітэце вывучала традыцыйную медыцыну, пасля 25 гадоў практыкавала.

Можа здацца, што тая ж самая акупунктура ці ўсходні масаж альбо прыпяканне - больш прафілактыка, а не лячэнне. Але супрацоўнікі цэнтра кажуць, што кола ўрачэбнай дапамогі шмат шырэйшае.

У цэнтры працуюць два спецыялісты з Кітая і некалькі беларускіх тэрапеўтаў. Калі попыт на паслугі павялічыцца, пашырыцца і медыцынскі штат.

Усе працэдуры - ад масажа да іголкатэрапіі - завязаны на так званыя энергетычныя патэнцыялы ці мерыдыяны чалавечага арганізма.

Згодна з кітайскай традыцыяй, на целе чалавека знаходзіцца некалькі соцень акупунктурных кропак. Менавіта яны адказваюць за рух унутранай энергіі Цы. Калі правільна ўздзейнічаць на іх, чалавек папраўляецца.

Кітайскія ўрачы кажуць, што ніякая гэта не фантастыка – уздзеянне на гэтыя кропкі можа лячыць і мігрэні, і прастуды. І нават больш складаныя дыягназы. Як у выпадку з маленькім Мацеем, у якога раптам на мінулым тыдні знік слых. Паралельна з традыцыйным лячэннем бацькі вырашылі паспрабаваць усходнюю тэрапію.

Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны не адзіны сумесны беларуска-кітайскі праект у Гродзенскім рэгіене. Паралельна кітайскія інвестары аднаўляюць шматпавярховую гасцініцу ў абласным цэнтры; яшчэ адна прыватная кампанія з кітайскай правінцыі ўвайшла ў Свабодную эканамічную зону вобласці.