Больш за 30 імёнаў, якія маюць дачыненне да космасу, - выхадцы Слуцкага рэгіёна

2 апреля 2017

Аб такой касмічнай ураджайнасці Случчыны вядома мала. Наталля Бардзілоўская паспрабавала ўспомніць усіх беларусаў, чые заслугі ў космасе бясспрэчныя, і раскрыць сакрэт “слуцкай анамаліі”.

Слуцк. Вуліца Сямёна Косберга. Случане ганарацца сваім земляком: інжынер-канструктар мае прамыя адносіны да сусветнага прарыву. Дзякуючы яму першы чалавек паляцеў у космас. Напрыканцы 50-х мінулага стагоддзя знакаміты Сяргей Каралёў запрасіў беларуса Косберга да сябе ў канструктарскае бюро. Дагэтуль жа на касмічную арбіту запускалі толькі беспілотныя спадарожнікі. Сам Каралёў запусціў іх тры дзякуючы ўласнай вынаходцы - двухступенчатаму ракетаносцу. Каб у касмічную прастору адправіць чалавека, патрэбна была трэцяя ступень. Яе і зрабіў Косберг.

Строга сакрэтна: да слоў «Паехалі!» Юрый Гагарын тады дадаў: «Косберг спрацаваў!». Але з меркаванняў бяспекі фразу з хронікі выразалі: асоба Косберга была засакрэчана. Сам жа беларус, казалі, скакаў ад шчасця. Усяго за 9 месяцаў яму ўдалося стварыць першы айчынны, які не меў аналагаў, вадкасны ракетны рухавік, які змог запусціць чалавека ва ўмовы бязважкасці і глыбокага вакууму. Разам з Каралёвым і Гагарыным Косберг увайшоў у тройку герояў, адзначаных дзяржавай за першы палёт чалавека ў космас.

Выбар Каралёвым Косберга быў невыпадковы. У гады Вялікай Айчыннай беларускі канструктар праславіўся праектаваннем і запускам да вытворчасці агрэгата непасрэднага ўпырску. Знаходка падняла лётныя магчымасці савецкіх самалётаў (хуткасць, далёкасць палётаў і манеўранасць) да ўзроўню нямецкіх «месершмітаў». Зрэшты, менавіта ваенная бяда вырасціла будучых прадстаўнікоў савецкай авіяцыі і касманаўтыкі.

Сёння тут сеюць хлеб. А ў 40-х базіраваліся нямецкія авіявойскі. На час захапілі савецкі аэрадром. Яшчэ ў 1932 узлётная паласа размясцілася на абшары паміж вёскамі Новы Гуткоў і Рыжыца - савецкае спецыялізаванае ўзлетнае поле, агароджанае калючым дротам. База машын-знішчальнікаў. Плацдарм для навучання майстэрству лётчыка і відовішча для мясцовых дзяцей. Малыя збягаліся, каб паглядзець на віражы ў небе.

Сярод малых, якія збягаліся да аэрадрома, былі і хлопчыкі Герчыкі. 14-гадовы Косця Герчык з Сорагаў улюбіўся ў неба і ў яго пакарыцеляў. А калі ўбачыў, як на гіганцкім чатырохматоры прызямліліся легендарныя пілоты-жанчыны Марына Раскіна і Валяніцна Грызадубава, вырашыў: там, за аблокамі, - яго лёс.

Выпускнік Ленінградскага артылерыйскага вучылішча Канстанцін Герчык ваяваў з першых дзён. Пасля ваенная акадэмія і назначэнне на Байканур. З 1958 случанін - кіраўнік першага і найбуйнейшага касмадрома. За генерал-палкоўнікам было разгортванне пятага навукова-даследчага палігона, увядзенне ў строй пускавых установак, першыя канструктарскія выпрабаванні міжкантынентальных і касмічных ракет. Прыклад Герчыка падтрымалі яго браты. Дваюрадны Данііл - вынаходнік і канструктар першых мадэлей крылатых ракет марскога базіравання, іншых сістэм ваеннага прызначэння. Родны Анатоль - авіятар, афіцэр Сяміпалацінскага палігона.

Сярэдняя школа вёскі Сорагі сёння носіць імя свайго славутага земляка. Тут і музей Канстанціна Герчыка. У вітрынах дакументы, лісты і ўзнагароды (у Канстанціна Васільевіча 15 ордэнаў і 21 медаль). Шынель, авіятарскія пальчаткі, стол і стул, за якім працаваў кандыдат ваенных навук Герчык.

На 12 красавіка - на Дзень касманаўтыкі - на сцяне школы вёскі Вясея размесцяць мемарыяльную дошку вось па гэтым эскізе. На ёй імя яшчэ аднаго славутага ураджэнца Случчыны Канстанціна Давідоўскага. Наш чалавек на Месяцы. Штурман савецкага месяцахода-1. Кіраваў стартам першага ў свеце планетахода з каляземнай арбіты 10 лістапада 1970 года. Штучны спадарожнік паспяхова ажыццявіў пасадку на Моры дажджоў у раёне Месяца. Рамантык так дыстанцыйна правёў маршрут машыны, што тая коламі выпісала на грунце лічбу 8 - прысвячэнне жанчынам да Міжнароднага жаночага дня.

Нарадзіўся заваёўнік месячнай паверхні ў вёсцы Ізбудзішча. Вось яго бацькоўская хата, паказвае аднакласнік-сябар Сцяпаныч. Гуляючы ў вайнушку і запускаючы самалёцікі на лузе, ці мог ён марыць, што яго сусед адправіць спадарожнік на Месяц! Першымі, хто ступіў на паверхню спадарожніка Зямлі, былі амерыканцы. Калі СССР лідзіраваў у касмічнай гонцы, у месячнай - менавіта ЗША. 16 ліпеня 1969 года з мыса Канаверал стартаваў амерыканскі карабель «Апалон-2». Экіпаж з трох астранаўтаў узначаліў Ніл Армстранг. На паверхні Месяца людзі знаходзіліся больш за 21 гадзіну. І ўсё дзякуючы беларусу! Паліва для ракеты «Сатурн-5», якая даставіла амерыканцаў на Месяц, стварыў наш знакаміты зямляк! Вось вам незвычайнае супрацьстаянне сістэм.

Беларускі ўклад у астранаўтыку - гэта яшчэ і Барыс Кіт. 6 красавіка 1910 года ў сям’і беларусаў у Санкт-Пецярбургу нарадзіўся хлопчык. Праз 8 гадоў сям’я пераехала на радзіму. Малыш скончыў школу, потым - гімназію ў Навагрудку. Потым - Вільня. Універсітэт. Фізмат. Багатая біяграфія. Але галоўнае: Барыс Кіт - сусветна вядомы навуковец, астранаўт, дзякуючы якому амерыканцы высадзіліся на Месяц. А таксама ён адкрыў формулу паліва для амерыканскіх касмічных караблёў «Апалон» і «Шатл».

Ён жывы і сёння - Кіту 106 гадоў! Навуковец заўсёды лічыў сябе беларусам, але па волі лёсу апынуўся ў ЗША. З 50-х - навуковая дзейнасць у галіне касмічных даследаванняў. Распрацоўваў праграмы міжкантынентальных ракетных сістэм. Супрацоўнік Міністэрства паветраных сіл ЗША. Эксперт і саветнік у асноўным па савецкай касманаўтыцы. Суаўтар кнігі «Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі». А ў той жа час на адваротным баку планеты, на яго малой радзіме - у савецкай Беларусі - з 1959 па 1996 гады заходняй пагрозе супрацьстаяў адзіны ў Мінскай вобласці Слуцкі 306-ы ракетны полк стратэгічнага прызначэння.

Мы жывем у новай касмічнай эры. І нашымі суайчыннікамі таксама пацверджана: перамагчы ў ядзернай вайне немагчыма. Космас павінны быць мірным. Сёння тыя, хто нёс службу ў слуцкіх стратэгічных ракетных войсках, - ветэраны. Іх намаганнямі да 900-годдзя Слуцка на вуліцы Гагарына ўсталяваны помнік - прысвячэнне землякам, якія ажыццявілі прарыў у сусветнай касманаўтыцы. Акрамя прозвішчаў Косберг, Герчык, Далідоўскі, у спісе авіякасмічных дасягненняў імя астранома Вітальда Цэраскага, які напрыканцы ХІХ стагоддзя адкрыў адлегласці ад Зямлі да воблакаў і іншых планет. Ільі Капіевіча, астранома, стваральніка карты зорнага неба, па якой мараходству навучаўся Пётр Першы. Больш за тры дзясяткі случчан тым ці іншым чынам героі адвечнай мары чалавецтва лятаць і даследаваць міжпланетныя прасторы. Чаму ж менавіта гэты край апынуўся бліжэй да зорак?!

Ніхто не ведае, з якіх часоў, але на полі непадалёк ад Сарогаў ляжыць следавік - свяшчэнны граніт вырастае с зямлі, сведчаць этнографы. Культ каменю з трыма выявамі - слядамі чалавека, ката і сабакі - з глыбіні стагоддзяў. Нязведаныя, але рэальныя энергетычныя сілы такіх камянёў (а іх менавіта на Случчыне вялізарная колькасць!) прызнаюць нават сучаснікі. Месцы такіх валуноў звычайна пазначаюць крыжамі. Вераць - да іх ідуць касмічныя хвалі.