Сёння юбілей адзначае легендарны САХР

29 июня 2014
Элітнае падраздзяленне было створанае 15 гадоў таму. Нягледзячы на тое што гэта самае маладое спецпадраздзяленне краіны, патрапіць у атрад хочуць многія маладыя людзі.

Пра рабочыя і святочныя дні САХРа раскажа Карына Пашкова.

Сіла, адвага, хуткасць, розум - менавіта такую расшыфроўку даюць свайму атраду байцы і камандзіры. І можна сказаць без перабольшання, што гэта праўда. Бо гэтыя байцы заўсёды на пасту. Іх немагчыма заспець знянацку. За 15 гадоў службы атрад заваяваў павагу і стаў адным з самых элітных спецпадраздзяленняў у нашай краіне.

Уладзімір Вашкевіч, камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі: Мы адзначаем 15-гадовы юбілей падраздзялення, якое было створанае ў 99 годзе для выканання задач па барацьбе са злачыннасцю, а таксама асабліва складаных задач, звязаных з беспарадкамі ў выпраўленчых установах. За гэты 15-гадовы шлях падраздзяленне з невялікай групы вайскоўцаў па кантракце і тэрміновай службы перарасло ў магутную структуру.

Убачыць гэтых людзей у дзеянні магчыма вельмі рэдка. І справа тут не ў эксклюзіўнасці навыкаў. Проста байцы САХРа ўмеюць рабіць сваю працу непрыкметна, а вось вынікі іх дзейнасці заўсёды гучна заяўляюць пра сябе.

САХР з'яўляецца самым маладым спецпадраздзяленнем нашай краіны. Тым не менш ужо сёння многія маладыя людзі мараць патрапіць у склад атрада. Аднак такая магчымасць выпадае далёка не ўсім. Байцы гэтага падраздзялення павінны мець выдатную фізічную і, вядома, псіхалагічную падрыхтоўку.

Нягледзячы на сваё прафесійнае свята, многія байцы атрада і сёння знаходзяцца на службе. Гэта ўвечар іх чакае сям'я, святочны стол і віншаванні блізкіх і калегаў, а зараз яны, як і ў любы іншы дзень, гатовыя ахвяраваць гэтым дзеля бяспекі іншых.