Сёння ўся Еўропа адзначае 30-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС

26 апреля 2016

Трагедыя прызнаная найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай - яна змяніла жыцці мільёнаў людзей. Магутны выбух адбыўся ўначы 26 красавіка. Наступствы аварыі адчулі многія краіны кантынента.

У найбольшай ступені пацярпелі Украіна, Беларусь і Расія. У зоне забруджвання апынуліся больш за тры з паловай тысячы населеных пунктаў нашай краіны.

Самыя сур'ёзныя наступствы радыяцыі адчулі на сабе жыхары Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Але для атама 30 гадоў - толькі імгненне. Па-ранейшаму на тэрыторыі Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзяцца дзве тысячы населеных пунктаў, дзе пражывае кожны восьмы жыхар краіны, а гэта больш за мільён чалавек.

Марыя Гермянчук, начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя: "Плошчы забруджвання мяняюцца. Калі мы гаворым, што ў 1986 годзе 23% тэрыторыі Беларусі знаходзіліся ў зоне радыеактыўнага забруджвання, там, дзе прымаліся меры па гарантаванні радыяцыйнай бяспекі, то на сённяшні дзень гэтыя тэрыторыі складаюць 13% тэрыторыі краіны. У 2046 годзе будуць складаць 10% тэрыторыі краіны".