Сёння ўступаюць у сілу змяненні ў парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у зоне by

20 августа 2013

Новая інструкцыя заканадаўча замацоўвае змяненні, якія даўно наспелі. Добрасумленныя карыстальнікі атрымліваюць больш гарантый у Байнэце. Абмяжоўваюцца магчымасці кіберсквотараў, якія незаконна перапрадаюць імёны сайтаў.

Падрабязнасці ў Юліі Плытнік.


Тэрмін рэгістрацыі даменнага імя ў зоне by падоўжаны да двух гадоў. Бадай, гэта галоўная навіна. Да гэтага часу максімальны тэрмін, на які можна было рэгістраваць даменнае імя, складаў адзін год.


На думку экспертаў, частая перарэгістрацыя стварала сур'ёзныя рызыкі для ўладальнікаў. У асноўным даменаў пазбаўляліся па забыўчывасці, прапусціўшы чарговы тэрмін аплаты. Гэтым карысталіся кіберсквотары, якія займаюцца скупкай даменных імёнаў з мэтай перапродажу.


Сяргей Павалішаў, дырэктар кампаніі-правайдара: Раней тэрмін рэгістрацыі складаў адзін год. Чалавек мог пайсці ў водпуск або трапіць у бальніцу і ў выніку страціць даменнае імя. Павелічэнне максімальнага тэрміну рэгістрацыі дазволіць засцерагчы дамен ад такіх выпадкаў, а, падаўжаючы дамен на некалькі гадоў наперад, чалавек або кампанія могуць не хвалявацца.


З сённяшняга дня вядомым гандлёвым маркам стане прасцей зарэгістравацца пад сваім імем у зоне by. Да гэтага часу былі частыя выпадкі, калі прадпрымальныя людзі выкуплівалі вядомыя назвы і патрабавалі кампенсацыю за перапродаж. Зараз, калі кампанія даказвае правы на таварны знак, дамен па рашэнні суда можа быць перададзены ёй. Ёсць ужо меркаванні, да якіх інтэрнэт-новаўвядзенняў трэба рыхтавацца Байнэту ў наступным годзе.


Людміла Чэкіна, генеральны дырэктар інтэрнэт-кампаніі: Магчыма, у будучым годзе будзе створаная кірылічная зона бел, гэта значыць, як у Расійскай Федэрацыі аналаг зоны РФ. Будзе новая даменная зона, разам з by у нас будзе бел.


Беларуская інтэрнэт-аўдыторыя сур'ёзна павялічылася, асабліва за два апошнія гады. Пастаянных карыстальнікаў ужо 4 мільёны 900 тысяч. Штодня ў зоне by рэгіструецца звыш ста новых сайтаў.