Сёння Сусветны дзень радыё

13 февраля 2020
"Разам мы і ёсць радыёразнастайнасць!" Пад такім дэвізам у свеце сёння адзначаюць Дзень радыё. Свята заснавана па ініцыятыве ЮНЕСКА. Слогану гэтага года, безумоўна, адпавядае і структурнае падраздзяленне медыяхолдынга - Беларускае радыё.  Сёння гэта  два каналы і тры радыёстанцыі, якія можна слухаць не толькі ў FM-дыяпазоне, але і ў рэжыме анлайн на сайце radio1.by. Сачыць за эфірамі слухачам прапаноўваюць у сацыяльных сетках і месенджарах. У эфіры штодня гучаць інфармацыйныя, аналітычныя, культурныя і музычныя перадачы. У праграмнай лінейцы гэтага сезона 245 праектаў. 

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Самае галоўнае наша дасягненне на сённяшні дзень - гэта тое, што ўзровень даверу нашай слухачскай аўдыторыі кантэнту, які мы прапаноўваем, вельмі высокі. І мы гэта вельмі цэнім, і асабліва зараз гэта вельмі актуальна, таму што вялікі паток фэйк-навін. І мы імкнемся да таго, каб наш кантэнт быў максімальна вывераны, і імкнемся да таго, каб апраўдваць давер нашых слухачоў заўсёды". 


Першы канал Беларускага радыё пацешыць тэматычнымі праектамі

У міжнароднае свята эфірная сетка Першага канала Беларускага радыё будзе напоўненая тэматычнымі праектамі. У эфіры распавядуць пра дынастыі работнікаў радыё і творчую каманду, якая стварае кантэнт. Да 95-годдзя айчыннага вяшчання запусцілі і праект "Радыёкропка" - перадачу пра гісторыю і сучаснасць нашага вяшчання.