Сёння ўсе школы па традыцыі чакаюць выпускнікоў розных гадоў

7 февраля 2015

Сёння, у першую суботу лютага, ўсе школы па традыцыі чакаюць выпускнікоў розных гадоў. Асабліва вітаюць тых, чыё імя добра вядома не толькі ў краіне, але і за межамі Беларусі. Дарэчы, сёлета ў Мінскай вобласці стартаваў праект “Знакаміты выпускнік”. Яго мэта як раз і знаёміць школьнікаў з вядомымі людзьмі і паказаць – няма нічога немагчымага. Антаніна Станкевіч успомніла знакамітых выпускнікоў Смалявіч.

Вось так сустракаюць алімпійскую чэмпіёнку сёння ў роднай школе. Пра тое, што менавіта тут 5 гадоў вучылася Антаніна Кошаль, ведаюць нават першакласнікі. Тым больш што іх прымаюць у секцыю гімнастыкі, якая да гэтага часу размяшчаецца ў спартыўнай зале.

Вопытнае вока адразу ж заўважае некалькі дзяўчат. Пры адпаведным рэжыме трэніровак з іх лёгка атрымаюцца чэмпіёнкі. Не выключана, што алімпійскія. Антаніна Кошаль паспела скончыць усяго 5 класаў. Памятае толькі, што кабінет знаходзіўся на другім паверсе. І сядзела яна заўсёды за другой ці першай партай. У гэтай школе вітаюць не толькі знакамітых выпускнікоў. Урачам, настаўнікам, інжынерам, хлебаробам – сапраўдным прафесіяналам тут рады кожны дзень.

Сёлета ў цэнтральным рэгіёне стартаваў праект “Знакаміты выпускнік”. Яго мэта – паказаць, што няма нічога немагчымага. У тым ліку для тых, хто вучыўся ў звычайнай школе невялікага райцэнтра ці нават вёскі.