Сёння ў Палацы Рэспублікі будзе ўручаная нацыянальная прэмія "За духоўнае адраджэнне"

9 января 2020
Сёння ў Палацы Рэспублікі будзе ўручаная прэстыжная нацыянальная прэмія "За духоўнае адраджэнне". Цырымонію глядзіце сёння пасля "Панарамы" на "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Яе лаўрэаты і ўладальнікі спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі сталі вядомыя напярэдадні. Адпаведныя ўказы падпісаў Кіраўнік дзяржавы. 

З больш як паўсотні заявак фондам Прэзідэнта было адабрана 15 лепшых. Сярод галоўных крытэрыяў - паспяховая рэалізацыя культурнага праекта. Па традыцыі ўладальнікі прэміі - дзеячы гуманітарнай сферы: работнікі культуры, майстры  мастацтваў, святары і сацыяльныя работнікі. За мінулы год яны ўнеслі асаблівы ўклад  у справу міласэрнасці, а таксама прасоўвалі ідэі гуманізму. Так, за духоўнае адраджэнне  ўзнагародзяць аўтарскую групу Акадэміі навук Беларусі, Белкартаграфіі і Цэнтра электроннай дакументацыі за стварэнне фундаментальнага выдання "Вялікі гістарычны атлас Беларусі", а таксама археалагічны музей "Бярэсце" і Беларускую асацыяцыю шматдзетных бацькоў. Прэмія прысуджаная протаіерэю Іаану Харашэвічу і Беларускаму грамадскаму аб'яднанню ветэранаў.


10 спецпрэмій Прэзідэнта Беларусі ўручаць калектывам і цэнтрам

10 калектываў і цэнтраў атрымаюць спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі. Сярод іх - Белтэлерадыёкампанія за рэалізацыю творчых праектаў, якія станоўча прадстаўляюць нацыянальную культуру ў Беларусі і за мяжой, а таксама за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі. Удастоены прэміі і Брэсцкі гарадскі цэнтр культуры за правядзенне маштабных мерапрыемстваў да 1000-годдзя Брэста.