Сёння ветэрану Аляксандру Феню 90!

8 апреля 2015

Да свята Вялікай Перамогі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыюць 2 выставы. Першую сфарміруюць з матэрыялаў уласнага фонду, другую ж - сумесна з замежнымі калегамі і прысвяцяць капітуляцыі фашысцкай Германіі. Дарэчы, да 9 Мая рыхтуюцца і ветэраны. Генерал-маёр у адстаўцы Аляксандр Фень піша артыкул аб танкавых бітвах, у якіх удзельнічаў асабіста. Камандзір батальёна ў гады Айчыннай вайны знішчыў 12 фашысцкіх танкаў, быў чатыры разы ранены, двойчы гарэў у баявой машыне і змагаўся за вызваленне многіх краін свету. Сёння ён у ліку амаль 200 танкістаў-асаў Айчыннай вайны.

Аляксандра Драгун сустрэлася з ветэранам.

Галоўны герой будучага артыкула - сам аўтар. Аляксандр Фень - ветэран Вялікай Айчыннай. Нарадзіўся ва Украіне. У 41-ым выпускніка педагагічнай школы накіравалі ў Харкаўскае танкавае вучылішча, а адтуль у Сталінград.

Там жа, пад Сталінградам, малады лейтэнант зведаў блакаду і авіяцыйныя бамбёжкі. Рыхтуючыся перад новым боем, Аляксандр Фень атрымаў раненне. Дарога ў шпіталь апынулася чарговым выпрабаваннем - танкіст трапіў у акружэнне фашыстаў.

Тады нашы прыкрылі і дапамаглі дабрацца да пераправы. Пасля ў баях было яшчэ 3 раненні. Да канца Вялікай Айчыннай генерал-маёр ваяваў у 5-й гвардзейскай танкавай арміі. У баявой біяграфіі – перамога пад Прохараўкай, бітвы на Курскай дузе, вызваленне Беларусі, Украіны, Малдавіі і Румыніі.

За гады Айчыннай вайны Аляксандр Фень асабіста знішчыў 12 фашысцкіх танкаў. У бітве пад Прохараўкай – сем, з іх – 2 так званыя тыгры. Сюды, у Астрашыцкі Гарадок, брыгада генерала ўвайшла ў ноч на 3 ліпеня.

Дзякуючы гэтаму трэці гвардзейскі танкавы корпус прасунуўся ў бок Мінска. Батальён жа Аляксандра Феня тады змагаўся ў вёсцы Маркаўшчына.

Тое, што засталося ад Мінска, танкіст бачыў здалёк. Дарэчы, за вызваленне Беларусі атрымаў сваю галоўную ўзнагароду – ордэн Аляксандра Неўскага. А ў Пружанах знайшоў каханне - сустрэўся з будучай жонкай.

Сёння Аляксандру Феню 90! У яго тры ўнукі і дзве праўнучкі. Ён піша кнігі, сустракаецца з моладдзю, дапамагае ўзнаўляць гісторыю ваенных часоў і, безумоўна, рыхтуецца да 70-годдзя Вялікай Перамогі.