Сёння ўвесь свет адзначае Дзень біялагічнай разнастайнасці

22 мая 2019
Нацыянальная акадэмія навук да гэтага дня прымеркавала цэлы тыдзень роднай прыроды. Для навукоўцаў падрыхтавалі лекцыі і семінары на тэму захавання экалагічных сістэм. А усіх ахвотнікаў у гэтыя дні чакае Батанічны сад. Там правядуць экскурсіі, пакажуць рэдкія расліны, шматлікія з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Сёння галоўная задача - не проста берагчы, а прымнажаць прыроднае багацце нашай Зямлі. Сяргей Казловіч падрабязней распавядзе, як гэта можа рабіць кожны.

Гэтыя малыя не дацягваюць і да 10-ці грамаў вагі. Але іх ужо можна бяспечна перавозіць. Уся справа ў тым, што гэта птушаняты вяртлявай чарацянкі - рэдкай пявучай птушкі, якая гняздуецца  толькі ў Еўропе. І то амаль палова папуляцыі - у Беларусі. Нашы навукоўцы нядаўна распрацавалі праект, які дапаможа аднавіць знікаючы від птушыных не толькі ў нас, але і ў суседзяў. Для гэтага яшчэ птушанятамі беларускіх чарацянак завозяць у новае месца пасялення. Там яны асвойваюцца. І, нават пасля зімоўкі, памятаюць зваротны маршрут.

Сама птушка менш  за вераб'я. Жыве на балотах Палесся. Іх засталося мала, таму і від вяртлявай чарацянкі знікае. А гэта не толькі парушае цэласнасць экасістэмы. Існуе цэлы кірунак турызму - так званыя бердвочары - якія гатовыя на ўсё, абы ўбачыць сваімі вачамі рэдкую птушку. 

Таму птушыным заводзяць цэлыя заказнікі. Так хваёвы бор у Мачулішчах, што пад Мінскам, атрымаў асаблівы статус. Тут ахоўваюць сокалаў і нават робяць ім гнёзды. 

Статус запаведніка абаранілі мясцовыя школьнікі восем гадоў назад. Сёння новае пакаленне з не меншай цікавасцю вывучае птушак не толькі па кнігах. А птушыныя дазваляюць удосталь нагледзецца на сябе нават з блізкай адлегласці. 

Тут жа  можна знайсці яшчэ адзін прыклад таго, што прыродзе можна дапамагчы і гэта не так складана, як падаецца. Цэнтральны батанічны сад разам з Беларусбанкам запусціў праект "Зялёныя скарбы Беларусі". Супрацоўнікі найбуйнейшага фінансавага інстытута краіны сваімі рукамі дапамагаюць пашырыць папуляцыю раслін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу. Так у Сакаліным высадзілі ценявы асот. 

Таццяна Міхайлаўская, намеснік старшыні праўлення  ААТ "АСБ Беларусбанк": "Мы ставім перад сабою задачу аб'яднаць намаганні зацікаўленых структур, якія дазволілі б на будучыню стварыць новыя біятурыстычныя маршруты. І каб госці нашай краіны маглі парадавацца і паглядзець, якія мы захавалі расліны. Такія агульныя намаганні  дазволяць захаваць унікальнасць нашай прыроды. Дазволяць стварыць экалагічную культуру і перадаць будучым пакаленням, якія будуць жыць у нашай выдатнай краіне".

А відаў раслін на грані вымірання ў краіне не так і мала. Вялікая калекцыя сабраная ў Батанічным садзе. Тут і венерын чаравічак, пярэсна, мядзведжая цыбуля (або чарамша). Іх тут даглядаюць  асабліва трапятліва і нават заводзяць любімчыкаў. 

 Некаторыя экзэмпляры, а іх у садзе больш за 13 тысяч, вельмі цікавыя за мяжой. Але расадай тут дзеляцца не заўсёды. Засцерагаюць унікальнасць беларускай прыроды. 

Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці адзначаюць у свеце больш за 20 гадоў. Нагода,  вядома, не святочная. Кожны год Зямля страчвае дзясяткі відаў раслін, жывёл і птушак. І ў большасці выпадкаў вінаваты ў гэтым чалавек. Эколагі не перастаюць нагадваць, што дапамагчы прыродзе можа кожны. І варта задумацца, як бы гэта пафасна не гучала, якую планету мы пакінем сваім нашчадкам.