Сёння субота, а значыць у краіне працавалі прамыя тэлефонныя лініі. Як вынік - яшчэ шэраг праблем вырашыўся на карысць людзей. З пачаткам навучальнага года ў спіс праблемных пытанняў дадаліся і дарожныя аспекты. Нямала зваротаў, як заўсёды, і па лініі ЖКГ.
Аб чым яшчэ гаварылі людзі з прадстаўнікамі выканаўчай улады - пачула Антаніна Станкевіч. З тэлефоннай трубкі раздаецца ўсхваляваны голас - дапамажыце навесці парадак на праблемным скрыжаванні вуліц Грушаўскай і Хмялеўскага. Побач школа, амаль штодня ў дзве змены паблізу ходзяць дзеці. Адвечны канфлікт вадзіцеляў і пешаходаў у гэтым месцы прымае вялізныя маштабы.
Справядлівасці дзеля, зебра на дарозе бачная добра, ды і інфармацыйны знак - "Увага, дзеці" - на скрыжаванні ўсталяваны. Аднак адсутнасць ляжачых паліцэйскіх дазваляе вадзіцелям расслабіцца нават у такім патэнцыяльна небяспечным месцы.
Ствараюць праблемы і велікагрузы. Зусім побач праспект Дзяржынскага, які застройваецца. Вялізныя машыны ліха манеўруюць па мясцовых вузкіх вулачках, што таксама спакою не дадае.
Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пешаходныя дарожкі прыйшлі ў непрыдатнасць, і дзецям, якія ідуць у школу, даводзіцца дзяліць праезную частку з транспартам. Вадзіцеляў не бянтэжыць шырыня дарогі, і хуткасць, паводле слоў мясцовых жыхароў, тут часам развіваюць немалую.
У мэрыі праблему тут жа ўзялі на кантроль. Як і шматлікія іншыя, бо колькасць званкоў пераваліла за дзясяткі. Зрэшты, у параўнанні з зімой - менавіта тады прамыя суботнія лініі сталі рэгулярнымі - званкоў стала значна менш.
Абяцанага жыхары вёскі Бярозавічы Бабруйскага раёна чакаюць ужо 5 гадоў. Аднак сказаць запаветнае - "а ў нас у хатах газ" - людзям усё яшчэ не давялося. Тапіць дровамі б і рады, вось толькі сілы (большасць жыхароў - пенсіянеры) ужо не тыя. Па парадзе мясцовых ўлад, стварылі кааператыў яшчэ ў 2009, вось толькі справа не скранулася з мёртвага пункта.
Званок на прамую лінію і праз некаторы час - радасны адказ. Пасёлак уключаны ў праграму газіфікацыі на 2016 год.
У наступную суботу прадстаўнікі ўлады чакаюць новых званкоў з пытаннямі і прапановамі. Бо заявіць аб праблеме - гэта ўжо значыць напалову яе вырашыць.













