Сёння ў краіне адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны

23 февраля 2018

Сёлета да свята далучылася і яшчэ адна знакавая дата - стагоддзе Узброеных Сіл Беларусі. Паўсюль праходзяць святочныя мерапрыемствы, гучаць цёплыя словы ў гонар мужчын. Па добрай традыцыі віншуюць і тых, хто амаль 73 гады таму, у гады вайны, здзейсніў сапраўдны подзвіг, стаў прыкладам мужнасці і стойкасці для ўсіх наступных пакаленняў. Наталля Кузьміцкая прадоўжыць тэму.

Ужо трэці месяц запар Антон Шылак бездакорна выконвае адну з самых ганаровых місій для кожнага школьніка ў яго ўзросце. У восень старшакласніка адабралі для нясення вахты памяці ў мемарыяльным атрадзе паста № 1.

Перш чым заступіць на такую адмысловую службу, юнармейцы адточваюць навыкі страявой падрыхтоўкі, вучацца зладжана і прыгожа выконваць рытуал нясення варты ля Вечнага агню. Цырыманіялу ўжо 34 гады. За гэты час у складзе паста № 1 пабывалі каля 30 тысяч школьнікаў.

Зараз гэтым юнакам і дзяўчатам амаль столькі, колькі было Дзмітрыю Марчанку, калі пачалася вайна. Праз два гады ён уступіў у рады партызанаў. Доўгачаканую перамогу сустрэў на баявым заданні. І сёння ў памяці жывуць тыя ўспаміны, быццам гэта было ўчора.

Сёння гэтымі асабліва памятнымі старонкамі свайго жыцця, нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, Дзмітрый Мікалаевіч працягвае дзяліцца з маладымі людзьмі. Як ваяваў і перамагаў за радзіму, як працаваў у пасляваенныя часы ў якасці журналіста.

У такія святочныя дні ў кватэры Дзмітрыя Марчанкі заўсёды шмат гасцей. Ён, як і яго баявыя таварышы, не можа не адзначаць гэта свята – Дзень абаронцаў Айчыны. Сёння тых, хто быў на варце міру і дабрабыту, і тых, хто зараз нясе гэты мужны і мужчынскі абавязак, шануюць асаблівым чынам.

У Мінскай вобласці сёння адбыўся традыцыйны прабег памяці «Мінск – Хатынь - Дальва».

Вось ужо 40 гадоў гэта спартыўна-патрыятычнае свята аб'ядноўвае розных людзей у знак пашаны ахвярам вайны, тым, хто не дачакаўся перамогі, але назаўсёды застаўся ў памяці нашчадкаў.