Сёння ў сталіцы ў мікрараёне "Магістр" адкрыты першы дзіцячы сад

28 апреля 2017

Створаны камфортныя ўмовы для 140 дашкольнікаў, у тым ліку гімнастычная зала, гарадок бяспечнага руху і нават міні-кансерваторыя. Падчас будаўніцтва выкарыстоўвалі ноў-хаў - упершыню заклалі фасад з эфектам вентыляцыі: экатэхналогіі будуць самі рэгуляваць клімат у залежнасці ад надвор'я. Рэпартаж Яна Пашкевіча.

Дагэтуль маленькая Яніна з бацькамі кожную раніцу адпраўлялася ў падарожжа па сталіцы - яе садок знаходзіўся амаль на плошчы Якуба Коласа. Зараз жа транспартны ваяж замяніла 10-хвілінная вандроўка пешшу - новы дзіцячы сад побач з домам. Тут жа дзяўчынка знайшла і новых сяброў.

Самая ж энергетычная зала ў садку - гімнастычная. Алімпійскія гульні ў фармаце міні тут ладзяць па-новаму - узводзяць сабе новыя трэнажоры з мяккага канструктара.

А за суседнімі дзвярыма гучаць музычныя матывы - тут дзятва асвойвае інструменты традыцыйнага беларускага аркестра. У руках юных музыкаў - драўляныя лыжкі, бубны, гуслі.

Звычайную кухню ж тут замяніў амаль цэлы вытворчы цэх. Каб падсілкаваць 140 маленькіх гарэз вітаміннымі стравамі, повары працуюць на самым сучасным абсталяванні.

Дваровую ж тэрыторыю садка маленькія першаадкрывальнікі яшчэ не асвоілі - надвор'е не спрыяе. Сонечных дзён тут чакае дзіцячы варкаўт-комплекс і невялікі гарадок бяспечнага руху.

Ноў-хаў выкарыстоўвалі і падчас будаўніцтва - фасады абсталявалі спецыяльнай сістэмай вентыляцыі. Экатэхналогіі самі будуць рэгуляваць клімат у садку, у залежнасці ад надвор'я за акном. Такія ж «разумныя» дашкольныя ўстановы атрымаюць і іншыя раёны сталіцы.

Акрамя таго, новы мікрараён «Магістр» атрымае ўласную школу, спартыўны комплекс і амбулаторыю. Іх узвядзенне пачнецца ў найбліжэйшы час.