Сёння ў сталіцы пройдзе першая генеральная рэпетыцыя ваеннага парада

27 июня 2013

Да святкавання Дня Незалежнасці засталося менш за тыдзень - падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Сёння ў сталіцы пройдзе першая генеральная рэпетыцыя ваеннага парада. Тэхніка рыхтуецца выступіць маршам да месца шэсця - на праспект Пераможцаў да стэлы Мінск - горад-герой.


Маршрут ваеннай калоны пройдзе праз ваенны гарадок Уручча - вуліцу Заснавальнікаў - Старынаўскую - праспект Незалежнасці - вуліцу Сурганава - Куйбышава - Багдановіча - праспект Машэрава. На гэтых і сумежных участках дарог з 20:00 да 05:00 гадзін будзе абмежаваны або закрыты рух усіх відаў транспарту ў абодвух кірунках. Сталічная ДАІ рэкамендуе вадзіцелям не паркаваць свае транспартныя сродкі на дадзеных участках. У адваротным выпадку аўтамабілі будуць эвакуіраваць.


Усяго ў парадзе прымуць удзел больш за 160 баявых машын, у тым ліку і рэтратэхніка. 3000 вайскоўцаў пройдуць у пешых калонах. Парадуюць традыцыйнымі паказамі рота ганаровай варты і ваенны аркестр. А ў небе над Мінскам у авіяшоу прымуць удзел каля 30 паветраных суднаў.