Сёння ў сталіцы адкрылася 21-я турвыстава "Адпачынак-2018".

4 апреля 2018

На любы густ і магчымасці прапануюцца і бізнес-туры, і круізныя падарожжы, і новыя маршруты. Забраніраваць білеты можна прама на месцы. У сусветнае турнэ за адзін дзень адправілася Анастасія Бенедзісюк.

Калі кантыненты падзяляюць лічаныя метры і каб дабрацца, напрыклад, з Турцыі або Латвіі хоць бы на востраў Сардзінія, дастаткова зрабіць крок. А можна і зусім у кругасветку за 1 дзень. Вось ужо 21 раз гасцінная Беларусь становіцца месцам прыцягнення сусветных тураператараў. Сёння ў "Белэкспо" з гарачымі прапановамі кампаніі з 16 краін.

Хамон з Іспаніі Руслан прывёз два дні таму, а вось багажом назад павязе беларускую малочку. Дарэчы, поўдзень Іспаніі на выставе прадстаўлены ўпершыню, ёсць цікавасць. Ужо сёлета з'явіцца першы чартарны рэйс з Мінска ў Малагу. Але пакуль іспанцы кармілі хамонам, італьянцы - алеем халоднага адціскання з рэгіёна Марке.

Славіцца рэгіён Марке не толькі кухняй, але і абуткам, адзеннем. А яшчэ бухтамі і сярэднявечнымі вёсачкамі. Акцэнт на аграэкатурызм. Зрэшты, тут беларусы ўжо даўно канкурыруюць з італьянцамі. І гэта прытым, што няма ў нас ні мора, ні гор. Але што ні рэгіён, то варыянт на найбліжэйшы водпуск. У Год малой радзімы ў Беларусі з'явяцца з дзясятак новых турыстычных маршрутаў.

Таццяна Брайко амаль 40 гадоў знаёміць турыстаў з гісторыяй Беларусі. І штораз у яе новы падыход і больш грандыёзнае адкрыццё. Сёлета на карце Мінска яна знайшла неіснуючую краіну Архітэктурыю. Квэст ад гіда можна будзе прайсці ўжо праз 2 тыдні на фестывалі экскурсаводаў.

Зрэшты, не будзе тут лішняй і карта госця Мінска. Усе гэтыя аб'екты на ёй нанесеныя. А гэта дапамога турыстам ужо не толькі напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, але і сёння.

Менавіта таму 2018 у Кітаі аб’яўлены Годам беларускага турызму. Ужо да канца года ў профільным міністэрстве анансуюць больш турыстаў з Паднябеснай на 20 %.

Вось яно каханне без штампаў і пры гэтым узаконенае. Крыху больш за год у нашай краіне дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым. За гэты час Беларусь наведалі 100 тысяч турыстаў: яны спыняліся ў гасцініцах, лячыліся ў здраўніцах, хадзілі ў музеі і тэатры, спрабавалі нацыянальную кухню, самі палявалі на кабана і нават даілі кароў, выбіраючы аграадпачынак. Зарабляем адпачываючы! Але галоўнае - такі турыстычны паток не ўплывае на ўнутраную бяспеку. У профільным міністэрстве прапануюць павялічыць тэрмін знаходжання ўдвая.

Прадоўжыцца выстава да 7 красавіка. Час, каб вызначыцца з адпачынкам, яшчэ ёсць.