Сёння ў школе выкладаюць і фінансавыя ўрокі

3 сентября 2015

З пачаткам новага навучальнага года беларускія школьнікі пачалі не толькі вывучаць матэматыку, пісьмо або літаратуру. Сёння ў школе выкладаюць і фінансавыя ўрокі. З наступнага года навучаць дзяцей асновам фінансавых ведаў будуць на пастаяннай аснове, адзначаюць у Нацыянальным банку. А пакуль прыватныя ініцыятывы рэалізуюць камерцыйныя банкі краіны. Сёння ў Мінску свае першыя дапаможнікі па фінансах ад Белаграпрамбанка атрымалі пяцікласнікі сярэдняй школы №2. Вольга Анішчанка - аб "матэрыяльным" выхаванні словам.

Навучанне школьнікаў фінансавай грамаце ў Беларусі пачыналася з самай папулярнай у свеце гульні. Праўда, мяч ганялі не тут, на полі. Футбольным полем сталі віртуальныя пляцоўкі. Але паступова камп’ютар замянілі кнігі - аб тым, што купюры не растуць на грашовых дрэвах, а золата можа быць яшчэ і чорным, зараз усё часцей тлумачаць у друкаванай форме - з дапамогай малюначкаў, коміксаў і нават казак.

Сваю казачную гісторыю прыдумалі і ў Белаграпрамбанку. Яе галоўны персанаж - прама з казкі - сёння стаў героем урачыстай лінейкі ў сталічнай школе №2. Разам з дарослымі ён уручаў хлопцам галоўны "кніжны" праект банка для дзяцей - брашуру "Твае першыя фінансы" - і распытваў, што ж такое банк і адкуль бяруцца грошы? Зрэшты, у сярэдняй школе адказвалі без запінкі.

У Белаграпрамбанку вырашылі: расказваць аб вялікім і складаным свеце фінансаў дзецям трэба абавязкова. Бо сёння галоўны фінансавы інструмент - не аплатныя карты і не найноўшыя банкаўскія прадукты, а веды. Менавіта яны дапамогуць у будучыні не столькі траціць, колькі берагчы і інвеставаць.

Праект Белаграпрамбанка нарадзіўся летась. Тады яго ўдзельнікамі сталі 25 тысяч вучняў. Кніга прыйшла ў дапамогу ў першую чаргу сельскім дзецям. Зараз уладальнікаў фінансавай граматы амаль 90 тысяч. Гавораць, вывучаць, як уладкованы свет матэрыяльны, зможа літаральна кожны пяцікласнік Беларусі.

Зрэшты, пра грашы і іх значэнне школьнікам расказвалі і на ўроках фінансавай пісьменнасці. Дарэчы, у наступным навучальным годзе такія праекты стануць абавязковым элементам школьнай праграмы. Да прыкладу, на ўроках матэматыкі вучню прапануюць у лічбах параўнаць фінансавыя прадукты або разлічыць працэнты па крэдыце.