Сёння ў школах, гімназіях, ліцэях сталіцы і Мінскай вобласці праходзяць выпускныя вечары

10 июня 2016

Вечар выпускных баляў. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды ўручэння атэстатаў распачынаюцца ў Мінску ў гэтыя хвіліны. Рэалізацыя спіртнога сёння абмежаваная, а вось на сустрэчу світання, вядома, ніякіх табу. Сёлета ў Мінску сярэднюю школу скончылі 9 тысяч чалавек. Павіншаваць іх прыйшлі блізкія і сябры. У гэты знакавы вечар побач з выпускнікамі і Антаніна Станкевіч.

Сур'ёзная і адказная не па гадах Дар'я Субота і будучую спецыяльнасць абрала зусім не дзявочую. Без пяці хвілін студэнтка фізфака - а ў поспеху ні сама выпускніца 12-й гімназіі, ні яе бацькі не сумняваюцца - усе ж на балі марыць быць сапраўднай прынцэсай. Крэмавая сукенка і туфлі ў тон ужо чакаюць свайго часу, прыгожы макіяж і прычоска дапоўняць вобраз.

Выпускны вечар - свята для ўсёй сям'і. З поўнай адказнасцю рыхтуецца да яго і брат Даніла. Тым больш што ў верасні хлопчык пойдзе у тую ж гімназію, з якой развітваецца яго сястра. А там ужо і да ўласнага выпускнога рукой падаць.

Бацькі і не стрымліваюць эмоцый - хваляванне, радасць і гонар - усяго ў гэты дзень удосталь. З усмешкай прызнаюцца, што нават назапасілі папяровыя сурвэткі, каб употай выціраць нечаканыя слезы радасці.

Сёння з навучальнымі ўстановамі развітваюцца амаль 9 тысяч выпускнікоў. Яны з поспехам прайшлі школьныя іспыты. А сёння доўгачаканы баль і сустрэча світання.

Для настаўнікаў выпускны вечар свята крыху сумнае, бо развітваюцца з дзецьмі, якія сталі роднымі за 11 гадоў, а яшчэ адказнае. Бо наперадзе - уступная кампанія, а значыць яшчэ на працягу некалькіх тыдняў за сваіх вучняў прыйдзецца трымаць кулачкі.

А ў панядзелак для ўчарашніх выпускнікоў пачнецца першы этап уступнай кампаніі - цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове. Так што час, каб пагуляць і годна падрыхтавацца, яшчэ ёсць. І ў гэтых выпускнікоў усе абавязкова атрымаецца.