Сёння ў пасольстве Ірана ў Беларусі можна было пакінуць запіс у кнізе спачуванняў

18 января 2018

Сёння ў пасольстве Ірана ў Беларусі можна было пакінуць запіс у кнізе спачуванняў, адкрытай у сувязі з крушэннем іранскага танкера ля берагоў Кітая. Выказаць спагаду прыйшлі і простыя грамадзяне, і прадстаўнікі пасольстваў і ведамстваў.

Мастафа Авейсі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Ірана ў Беларусі:

"Увесь іранскі народ засмучаны гэтай страшнай падзеяй. І любая дапамога і спачуванні, якія ідуць з боку дружалюбных краін, заўсёды неабходныя.

Беларускі народ і ўрад, аказваючы сваю падтрымку ў сувязі з гэтай жудаснай падзеяй, яшчэ раз паказалі, што яны побач з намі не толькі падчас радасных, але і падчас сумных падзей. Спачуванне накіраваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прэзідэнту Ірана і ўсяму іранскаму народу. Я яшчэ раз жадаю падзякаваць яму і ўсяму беларускаму народу за салідарнасць і словы падтрымкі".

Нагадаем, танкер, на борце якога знаходзілася 136 тысяч тон сыравіны, накіроўваўся ў Рэспубліку Карэя. У ноч на 7 студзеня ён сутыкнуўся з іншым суднам і загарэўся - пажар не спыняўся 6 дзён. У выніку танкер затануў. На борце знаходзіліся 32 члены экіпажа - 30 грамадзян Ірана і двое Рэспублікі Бангладэш. Усе загінулі.