У апошні шлях праводзілі артыста Аляксандра Ціхановіча

30 января 2017

Сёння ў апошні шлях мы праводзілі нашага любімага артыста Аляксандра Ціхановіча пад вядомую ўсім "Малінаўку" і апладысменты. Нягледзячы на цяжкую хваробу, ён працягваў запісваць песні і даваць канцэрты. І ў гэтыя дні з любоўю і журбою Аляксандра Ціхановіча ўспамінаюць не толькі ў Беларусі, але і ўсюды, дзе ведалі і слухалі яго песні. Менавіта дзякуючы падтрымцы музыканта шматлікія пачынаючыя выканаўцы атрымалі пуцёўку на сцэну. І сёння выхаванцы Аляксандра Ціхановіча, яго сябры, калегі, прыхільнікі і ў гэтыя хвіліны працягваюць несці кветкі да магілы народнага артыста. 

Рэпартаж Іны Пілевіч.

Памаліцца за сябра, таварыша, роднага і проста любімага выканаўца Аляксандра Ціхановіча людзі сабраліся досвіткам. Памінальная літургія і адпяванне праходзіла ў царкве, дзе сам народны артыст заўсёды шукаў духоўнага спачынку. У храме Аляксандра Неўскага на Ваенных могілках сталіцы Аляксандр Ціхановіч быў не проста вернікам, але і пеўчым, царкоўным старастам.

У перапоўненым храме побач з легендай самыя блізкія: унук Іван, дачка Анастасія і жонка Ядзвіга Паплаўская - спадарожніца па жыцці і на сцэне. Са свечкамі і віп-персоны - калегі, якія выходзілі з ім на адну сцэну.

"У моей любви на щеке слеза" - з гэтым рэфрэнам песні Ціхановіча "Развітальны баль" тысячы прыхільнікаў днём накіроўваліся да Белдзяржфілармоніі. На пляцоўцы, дзе выканавец даў мноства канцэртаў, адбылася грамадзянская паніхіда. Праважалі з усімі ўшанаваннямі - на чырвоных падушачках шматлікія ўзнагароды. Быў ускладзены вянок і ад Кіраўніка дзяржавы. Ахвотнікаў апошні раз убачыцца з легендай было настолькі шмат, што паніхіду вырашылі падоўжыць. Але і трох з паловай гадзін было мала. У апошні шлях праводзілі пад гучныя апладысменты і адну з самых вядомых песень народнага артыста - "Малінаўку".

Ад Белдзяржфілармоніі па галоўным праспекце краіны жалобная працэсія накіравалася на Маскоўскія могілкі. Менавіта там пад залпы роты ганаровай варты народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч быў адданы зямлі.