Сёння ў свеце ўспамінаюць ахвяраў халакоста

27 января 2016

Паводле звестак навуковых крыніц, у перыяд з 1941 да 1944 было знішчана ад 600 000 да 800 000 беларускіх яўрэяў, гэта каля 80% усяго яўрэйскага насельніцтва рэспублікі. Масавыя забойствы пачаліся з першых дзён прыходу нацыстаў на нашы землі і да поўнага вызвалення Беларусі. Акрамя таго, наша краіна стала тэрыторыяй найбуйнейшых у Еўропе гета, куды дэпартаваліся і дзе знішчаліся яўрэі з дзясятка іншых еўрапейскіх дзяржаў. Усяго за гады халакоста было знішчана каля шасці мільёнаў яўрэяў з розных краін. Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню памяці ахвяраў халакоста ў Беларусі, пачаліся ўчора.

Рыгор Абрамовіч, галоўны рабін рэлігійнага аб'яднання суполак прагрэсіўнага іудаізму ў Беларусі: "Мы збіраемся нібы на дзень раней, але, паводле яўрэйскіх сутак, у гэты ж самы дзень і ўспамінаем больш як 800 000 забітых яўрэяў, мы ўспамінаем таксама шэсць мільёнаў яўрэяў, мы ўспамінаем кожнага трэцяга загінуўшага беларуса, мы ўспамінаем, што ў гады халакоста была знішчаная і цыганская суполка. У нашай суполцы ёсць і вязні гета, і блакаднікі з Ленінграда; вельмі шмат ёсць таго, што ўспомніць".

Учора ўвечар у Мінску адбылася сустрэча ў гістарычнай майстэрні Леаніда Левіна. Ля помніка на яўрэйскіх могілках прагучала памінальная малітва і была запаленая сімвалічная свечка. Мерапрыемствы, прысвечаныя чарговай гадавіне халакоста, працягнуцца сёння і заўтра.