Сёння ў свеце адзначаюць кітайскі Новы год

19 февраля 2015

Сінь ень хау. Такія віншаванні сёння можна пачуць і ў Мінску. Кітайскі Новы год адзначаюць ва ўсім свеце. Яго святкаванне заўсёды прыпадае на розныя дні. Чунь цзэ даслоўна перакладаецца як "свята вясны". А скончыцца святкаванне толькі праз пятнаццаць дзён феерычным святам ліхтароў.

Надзея Сербіненка раскажа, як адзначаюць кітайскі Новы год у Мінску.

Інтэрнацыянальная сям’я Сунь святкуе Новы год не адзін, а два разы. Першы, як і ўсе беларусы, 31 снежня. Але на традыцыі сваёй радзімы выкладчык кітайскай мовы Сунь Сяа Цынь не забываецца. Найперш трэба ўпрыгожыць кватэру і ўваходныя дзверы. У гэтай справе бацьку дапамагаюць трое маленькіх дзяцей і жонка Марыя.

Напярэдадні свята вясны гаспадары накрываюць навагодні стол. У сям’і Сунь традыцыйна на стале і стравы беларускай кухні. Але ж галоўнымі ўсё-такі лічацца кітайскія дэлікатэсы. Абавязкова пельмені цзяацзы. Іх разам з бацькамі лепяць і дзеці.

Адзін з найбуйнейшых цэнтраў кітайскай культуры знаходзіцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Тут свята адзначаюць па-свойму. Для студэнтаў і магістрантаў арганізаваны майстар-клас па каліграфіі. Дырэктар Інстытута Канфуцыя вучыць студэнтаў пісаць па-кітайску "шчаслівага Новага года".

У Лінгвістычным універсітэце атрымліваюць адукацыю амаль 150 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з КНР. Зараз яны далёка ад сваіх сем'яў, але свята вясны прызвычаіліся адзначаць і ў Беларусі.

Інга Шугала, намеснік дырэктара Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ з беларускага боку: "Новы год - гэта самае галоўнае свята для нашых кітайскіх выкладчыкаў, таму для іх мы праводзім семінары па традыцыйных кітайскіх мастацтвах - каліграфіі, ціянджы, сіцуань. І ўсё гэта завяршаецца 5 сакавіка святам ліхтароў".

Афіцыйна на Новы год у Кітаі ўсяго 3 выхадныя дні. Але фактычна свята зацягваецца як мінімум на два тыдні.

Традыцыйна падчас святкавання Новага года ў Кітаі ладзяцца паказы Пекінскай оперы. І ў кожнага акцёра ў залежнасці ад ролі і характара ёсць свая маска. Так, чырвоны колер сімвалізуе нястрыманасць, а вось белы і ружовы - памяркоўнасць.

Свята вясны ў Кітаі вельмі шануюць і рыхтуюцца да яго загадзя. Госці з Паднябеснай і ў Беларусі не здраджваюць сваім традыцыям. Сёння яны сядуць за стол з самымі блізкімі людзьмі.