206 тысяч чалавек розных нацыянальнасцяў былі знішчаныя ў адным з найбуйнейшых лагераў смерці.
Мітынг-рэквіем прайшоў ля мемарыяла "Брама памяці" - на месцы, дзе размяшчаўся працоўны лагер. Прадстаўнікі ўлады, чатырох канфесій, розных арганізацый і сотні людзей ушанавалі памяць закатаваных. Пад агульнай назвай "Трасцянец" аб'яднаныя тры месцы масавага знішчэння - Благаўшчына, Шашкоўка і Малы Трасцянец. Зямля з кожнага з іх сабраная ў капсулу і перавезеная ў храм-помнік Усіх Святых.
протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода г. Мінска: "Попел і зямля Трасцянца - гэта прах пакутнікаў розных вер. Сэрца адчувае гэта, калі падыходзіш да капсулы з зямлёй або да праху з астанкамі. Яно б'ецца часцей, і дранцвеюць ногі. Прах невядомых людзей, чые часцінкі засталіся ў попеле, Госпад цяпер аддаў у храм, асвячоны ў гонар усіх святых. І хто ведае, можа ў гонар кагосьці з іх".













