Сёння ў Мінску стартавалі доўгачаканыя восеньскія кірмашы выхаднога дня

19 сентября 2015

Адкрывалі сезон прадпрыемствы з Магілёўскай вобласці, яны прапанавалі на продаж новы ўраджай, мясную і малочную прадукцыю, рыбу, мёд, а таксама кулінарныя і кандытарскія вырабы. Адметнасць сельгаскірмашоў - не толькі шырокі асартымент вітаміннай прадукцыі, але і даступныя цэны! Чым яшчэ парадуюць вытворцы і фермеры і якія прадукты на кірмашах самыя папулярныя? На аграшопінг адправіўся Аляксей Кандраценка.

З гэтых выхадных і наступны месяц плошча каля "Чыжоўка-Арэны" - галоўнае месца правядзення сельскагаспадарчых кірмашоў. Пачынаюць харчовы і не толькі марафон прадпрыемствы Магілёўскай вобласці.

Стартуе кірмаш з урачыстага адкрыцця. Словы падзякі за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва сталіцы і Магілёва ад кіраўнікоў рэгіёнаў падтрымліваюць прадстаўнікі Міністэрства гандлю і галоўнага аграрнага ведамства краіны. Сам жа кірмаш тым часам зіхаціць яркімі фарбамі. Агародніна, ягады, садавіна, бульба - шчодрая восень багатая на пачастункі! Цэны - ад вытворцаў і з мінімальнымі надбаўкамі.

Акрамя асартыменту і прымальных цэн, для пэўнай катэгорыі гараджан прадугледжана і бясплатная дастаўка пакупак.

Мяса-малочная прадукцыя, мёд, свежая рыба і паўфабрыкаты. Да паловы дня ў гандлёвых радах - сапраўдны аншлаг.

Свой унёсак у настрой сталічнага сельгасмаркета робяць і артысты. Атрымліваецца, ідзеш па пакупкі, а трапляеш на свята.

Такое ж свята, дакладней, яго міні-копія сёння прыйшла і на іншыя сталічныя вуліцы. Восеньскія кірмашы ў выхадныя таксама працуюць ва ўсіх раёнах горада.

Адправіцца па карысны тавар да "Чыжоўка-Арэны" можна да першага лістапада. У наступныя выхадныя гаспадыняй сталічных кірмашоў стане Мінская вобласць.