Сёння ў Мінску разгарнуліся елачныя кірмашы

22 декабря 2016

27 тысяч натуральных  дрэў паступілі ў продаж. З 10-ці да 19-ці гадзін будуць працаваць больш за 200 пляцовак, дзе можна набыць галоўны атрыбут свята  - сасну, елку або піхту. Самы вялікі елачны базар з'явіцца ля Палаца спорту 24 снежня. Кошт дрэва залежыць ад яго вышыні. Напрыклад, адзін метр - 8 рублёў.

Нагадаем, што напярэдадні святаў ахова ляснога фонду ўзмоцнена. За самастойную высечку прыйдзецца заплаціць штраф. Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Амаль 15 гадоў Мікалай Салавей займаецца высечкай навагодніх дрэў. З гектара лясных насаджэнняў атрымліваецца каля 300 елак, расказвае спецыяліст. Кожнае дрэва як на падбор - пушыстае, з добрым размахам галінак. Аднак каб нарыхтаваць такую колькасць, ляснік праходзіць не адзін кіламетр. Па традыцыі, першую ссечаную елку ставіць у сваім доме.

Сёлета ў адным толькі Уздзенскім лясгасе плануюць нарыхтаваць каля 2 тысяч хваёвых. Як правіла, елкі нарыхтоўваюць на лесасеках. Тым самым спецыялісты выконваюць адразу некалькі функцый. З аднаго боку, расчышчаюць дарогі і лініі электраперадачы і мінімізуюць шкоду прыродзе, з другога, папаўняюць бюджэты лясгасаў.

У параўнанні з мінулым годам цэны на елкі крыху падраслі і залежаць ад вышыні. Дрэва да метра каштуе ад 8-мі да 16-ці рублёў. За двухметровую іглічную прыйдзецца заплаціць каля 20-ці рублёў. Максімальная цана трохметровага дрэва складзе 25 рублёў.

Між тым у раённых цэнтрах і лясніцтвах кошт вечназялёных можа адрознівацца. У выпадку, калі елку няма куды паставіць, прапануюць калючыя букеты, якія складаюцца з галінак сасны, ядлоўца і ягад каліны. Эксклюзіўная прапанова – елка у кадцы.

А вось самастойныя паходы ў лес па навагоднія дрэвы могуць значна паменшыць сямейны бюджэт. Спецыялісты прыродааховы разам з інспектарамі ДАІ дзяжураць на лясных дзялянках і дарогах. Акрамя таго, фота- і відэафіксатары нясуць маўклівую варту ў лесе.

Зрэшты, навагодніх дрэў хопіць усім, запэўніваюць спецыялісты лясгасаў. Толькі ў Мінскай вобласці плануюць рэалізаваць больш за 45 тысяч елак. Усяго ў цэнтральным рэгіёне разгорнецца звыш 240 елачных кірмашоў, якія будуць штодня працаваць з 10-ці раніцы і да 19-ці вечара  аж да 31 снежня.