Сёння ў Мінску пройдзе XV Сусветны кангрэс рускай прэсы

19 июня 2013

Сёння ў Мінск з'язджаюцца кіраўнікі рускамоўных СМІ замежжа. Яны абмяркуюць развіццё сусветнай інфармацыйнай прасторы. XV Сусветны кангрэс рускай прэсы сёлета праходзіць у Беларусі, і гэта невыпадкова. Арганізатары ў Брэсцкай крэпасці ўшануюць трагічную дату пачатку войны.


Андрэй Крывашэеў сустрэўся з першымі ўдзельнікамі форуму. Гэта знакавая і значная падзея не толькі для Мінска і беларускіх журналістаў, але і для ўсяго медыйнага рынку. Бо руская мова чацвёртая па распаўсюджанасці на планеце, менавіта на ёй выдаюць, пішуць і транслююць госці форуму больш чым з 60 краін свету.


Аляксандр Клейн, намеснік генеральнага дырэктара ІТАР-ТАСС, выканаўчы дырэктар Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы (Расія): Мы не этнічная асацыяцыя, мы не палітычная асацыяцыя, мы цалкам прафесійная асацыяцыя. Як адчувае сябе руская мова? Як адчуваюць сябе рускія медыя, як адчуваюць сябе чытачы, слухачы і гледачы на рускай мове? Вядома, гэта розныя пытанні. Гэта не толькі пытанні прафесійныя. Тут тонкая мяжа паміж сацыяльнай праблематыкай, праблематыкай эканамічнай, культурнай і, вядома, прафесійнай, медыйнай.


Асобна пра гасцей кангрэса. Гэта звыш 200 медыяасоб, якія прадстаўляюць усе кантыненты і большасць цывілізаваных краін свету: ад ЗША, Канады да Кітая і Аўстраліі. СМІ, якія прадстаўляюць гасцей, - гэта ўвесь спектр сучаснай рускамоўнай прэсы: ад медыягігантаў, холдынгаў і інфармагенцтваў да бюджэтных, але ўплывовых інтэрнэт-старонак і малатыражных газет для рускамоўных дыяспар за мяжой.


Цікава, што месца (Беларусь) і час (з сённяшняга дня да 23-га) выбраны не выпадкова. Так Сусветная асацыяцыя рускай прэсы мае намер адзначыць трагічную дату 22 чэрвеня - дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Госці наведаюць Брэсцкую крэпасць, а ў Нацыянальнай бібліятэцы ўжо арганізаваная выстава газет і лістовак беларускіх партызан і падпольшчыкаў ваенных гадоў. Мы будзем уважліва сачыць за работай нашых калегаў на кангрэсе, і пра ўсе самыя свежыя і цікавыя падзеі вы даведаецеся з наступных выпускаў навін.