Сёння ў Мінску пройдзе першая генеральная рэпетыцыя парада

23 июня 2018

Сёння ў Мінску пройдзе першая генеральная рэпетыцыя парада войскаў Мінскага гарнізона, якая прысвечаная Дню Незалежнасці. Па праспектах і вуліцах горада праедзе калона ваеннай тэхнікі. Таму рух грамадскага і асабістага транспарту будзе абмежаваны.

Паводле інфармацыі ДАІ Мінска, з 6 вечара цяжкасці ўзнікнуць на ўчастках праспекта Незалежнасці. Ад Уручча - вуліцы Старынаўскай да праспекта Машэрава, і ад Незалежнасці да Пераможцаў. Дарэчы, сёлета тэхніка пройдзе па новым маршруце. З праспекта да стэлы калона зверне на скрыжаванні з вуліцай Казлова. Пасля тэхніка выстраіцца на праспекце Машэрава, і пачнецца рэпетыцыя парада. Па меры праходжання некаторыя ўчасткі дарогі будуць перакрываць. А ўжо з 11 вечара на час генпрагону будзе часткова абмежаваны рух па маршруце Машэрава - Ціміразева - Сапёраў - праспект Пераможцаў - Арлоўская - плошча Бангалор - Сурганава - праспект Незалежнасці і Машэрава. Гэта значыць разгортвацца тэхніка будзе таксама па новым шляху. Дарэчы, у гэтым раёне на дарозе з'явілася новая разметка жоўтага колеру. ДАІ акцэнтуе ўвагу: гэта для парадных разлікаў, аўтамабілістам не варта звяртаць на яе ўвагу.

І яшчэ ў сувязі з трэніроўкай парада да Дня Незалежнасці з 6 раніцы ў цэнтры горада ў раёне квартала каля стэлы будзе забароненая паркоўка транспарту. Будзе працаваць эвакуатар. Мінчанам і гасцям сталіцы рэкамендуюць спланаваць свой маршрут загадзя. Так можа апынуцца, што самым прыдатным транспартам у гэтыя дні стане метро. Другая генеральная рэпетыцыя ўжо 28 чэрвеня, у чацвер.