Сёння ў Мінску адкрылася міжнародная канферэнцыя гімназістаў

6 апреля 2017

Ім трэба стварыць мадэль Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Гэта своеасаблівая гульня, падчас якой імітуецца работа розных камітэтаў ААН. Пакарэнне космасу, урбанізацыя, экалагічныя праблемы. Старшакласнікі і студэнты падчас абмеркавання палітычных, эканамічных і сацыяльных праблем прапануюць свае ідэі. Усе дыспуты вядуцца выключна на англійскай мове. Надзея Сербіненка пабывала на адкрыцці форуму.

Алія і Тагір у Мінск прыехалі з казахстанскага горада Аксай. Але на мадэлі ААН прадстаўляюць не сваю краіну, а далёкую Балівію. У гэтым і заключаецца галоўная ідэя гульні з 64-гадовай гісторыяй. Здолець абараніць інтарэсы другой краіны і пры гэтым заставацца аб'ектыўным удзельнікам дыспута.

Мадэль Арганізацыі Аб'яднаных Нацый - гэта сінтэз навуковай канферэнцыі і ролевай гульні, падчас якой студэнты і навучэнцы старэйшых класаў прайграваюць працу ААН. Мадэляванне праходзіць па ўсім свеце.

З 2012 да міжнароднага праекта далучыліся і беларускія гімназісты. Пастаянным арганізатарам мадэлі сярод старшакласнікаў выступае 12-я сталічная гімназія.

Сёлета канферэнцыя сабрала каля 300 удзельнікаў – гэта прадстаўнікі гімназій, ліцэяў, каледжаў Мінска, Брэста, Слуцка, а таксама школ Казахстана і Масквы.

Дарэчы, менавіта з расійскай сталіцы мадэляванне ААН атрымала распаўсюджанне па СНД. Найбуйнешыя форумы ладзіць МДУ і Маскоўскі інстытут міжнародных адносін.

Гімназічная канферэнцыя праходзіць пад патранажам Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА і ААН у Беларусі. Рабочая мова форуму - англійская.

Захарыя Тэйлар, намеснік старшыні прадстаўніцтва ААН у Беларусі:

«Я лічу, што гімназічная мадэль ААН - гэта выдатная магчымасць для моладзі асвоіць мастацтва дыспуту, мастацтва вядзення дыялогу. Усе маюць розныя погляды на падзеі, якія адбываюцца ў свеце, таму для грамадства вельмі карысна вучыцца прыводзіць аргументы і знаходзіць рашэнне праблемы, нават калі гэта вельмі складана».

Канферэнцыя будзе доўжыцца 4 дні. У апошні дзень у медуніверсітэце пройдзе генеральная асамблея. На ёй удзельнікі падвядуць вынікі форуму.