Сёння ў Беларусі заканчваецца рэгістрацыя на рэзервовы дзень цэнтралізаванага тэсціравання

1 июля 2016

5 ліпеня прайсці выпрабаванне змогуць тыя, хто не прыйшоў на ЦТ у асноўны дзень па паважлівай прычыне: кожную заяву і дакументы, якія пацвярджаюць, да прыкладу, бальнічны, разгледзіць спецыяльная камісія. Ужо паступіла каля 20 зваротаў - такія дадзеныя агучыла журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні працоўнай групы па кантролі за ходам уступнай кампаніі. Дарэчы, 14 беларусаў сёлета да апошняга выпрабавання так і не дайшлі. 2 чалавекі адхілілі за шпаргалкі і 12 - з-за выкарыстання мабільных тэлефонаў.

Наталля Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Сёлета, у прынцыпе, як і летась, гэтая кампанія праходзіць даволі зладжана. Сёлета мне хацелася б адзначыць, што вельмі спакойна праходзіць ЦТ. Няма ніякіх эксцэсаў, якія можна было б назваць эксцэсамі. Увогуле-та, усё арганізавана даволі нядрэнна".

Сёлета 63% абітурыентаў пераадолелі неабходны парог уступнай гонкі. 263 з іх атрымалі ганаровыя 100-бальныя сертыфікаты.