Аказанне першай медыцынскай дапамогі, дзеянні падчас ДТЗ і эвакуацыя з палаючага будынка. Ва ўсіх школах і дзіцячых садах вобласці супрацоўнікі МНС праводзяць адзіны дзень бяспекі.
Ці ведаюць школьнікі, як паводзіць сябе ў экстрэмальных умовах і дзе дарослыя змогуць адпрацаваць дзеянні падчас надзвычайных сітуацый - даведаўся Аляксандр Харавец. Гэтыя першакласнікі яшчэ блытаюцца ў табліцы множання і алфавіце, аднак нумары выратавальных службаў і правілы паводзін падчас надзвычайнай сітуацыі ведаюць на выдатна. А іх сябры-старшакласнікі нават спаборнічаюць у хуткасці па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Для таго каб зрабіць тугую павязку Кірылу Казакову, патрэбна каля дзвюх хвілін.
Пераноска хворага на насілках, карыстанне процівагазамі і пераадоленне перашкод у вузкім цёмным калідоры. Сёння вучні восьмай жодзінскай школы на практыцы адпрацавалі "ўмоўны" пажар. Паводле слоў Вольгі Галавач, галоўнае у такіх сітуацыях - не ўпадаць у паніку.
Кульмінацыяй акцыі стала эвакуацыя вучняў са школы і паказальныя выступленні ратавальнікаў. Супрацоўнікі МНС прадэманстравалі, як дзейнічаюць падчас рэальных пажараў і аварый на дарогах.
Сёння школьнікі вобласці веды па самазахаванні і дзеяннях у выпадку надзвычайных сітуацый атрымліваюць на спецыяльных факультатывах. У наступным годзе прадмет "Асновы бяспекі і жыццядзейнасці" плануюць зрабіць абавязковым урокам.
Сёлета ў Мінскай вобласці не зарэгістравана ніводнага ўзгарання або надзвычайнай сітуацыі па віне непаўналетніх. І калі дзеці да правілаў пажарнай бяспекі адносяцца з адказнасцю, то дарослыя, канстатуюць ратавальнікі, не заўсёды надаюць гэтаму належнай увагі. Зрэшты, выправіць сітуацыю дапаможа адкрыццё спецыяльнага цэнтра бяспекі МНС. Ужо ў наступным годзе ў Нясвіжы жыхароў цэнтральнага рэгіёна будуць вучыць правілам паводзін у экстрэмальных умовах і асноўным спосабам абароны ад надзвычайных сітуацый.













