Сёння ў Беларусі - Дзень энергазахавання

11 ноября 2015

Свята даволі маладое - яго адзначаюць з 2008 года. Асноўны яго пасыл - як мага больш выкарыстоўваць альтэрнатыўныя віды энергіі. І вось як раз прыклад такой энергаэфектыўнасці - вялікі дабрачынны праект па будаўніцтве экадамоў для сем'яў-перасяленцаў з чарнобыльскай зоны завяршаецца ў Лепельскім раёне. На даху гэтых катэджаў - сонечныя батарэі, а замест звычайнага ўцяпляльніка - экалагічны.

Лепельскі раён адзін з самых экалагічна чыстых у Беларусі. Менавіта гэты крытэрый стаў асноўным у выбары месца для будаўніцтва. Першы экадом у Старым Лепелі з'явіўся больш за 10 гадоў таму. Зараз тут вырас вялікі прыватны сектар XXI стагоддзя.

Стары Лепель зараз называюць экавёскай. Побач з сучаснымі катэджамі - новы культурна-адукацыйны цэнтр і амбулаторыя. Таксама з прыстаўкай "эка".

Сонечныя батарэі на даху - ноу-хау праекта. Калектар эфектыўны круглы год. Пры сонечным надвор'і разумная прылада назапашвае энергію нават у 30-градусны мароз.

Знешне экадамы практычна не адрозніваюцца ад звычайных катэджаў. Усё начынне ў літаральным сэнсе - унутры. У аснове - драўляныя каркасы, пакрытыя спецыяльнай сумессю з гліны і пілавіння. А трысняговыя пліты ў дадзеным выпадку - не задумка дызайнера, а дакладны разлік архітэктара. Уся цеплаізаляцыя экалагічная.

Дабрачынны праект практычна завершаны. Спецыялісты зусім хутка дабудуюць апошні - 30-ы дом. Будучыя навасельцы ўжо прадумваюць інтэр'ер. З акцэнтам на экалагічнасць.