Сёння ў праваслаўных вернікаў Вербная нядзеля

5 апреля 2015

Ва ўсіх цэрквах праходзяць урачыстыя літургіі і  асвячаюць вярбу. У Мінскім храме ў імя Усіх Святых пабывала наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.

 

Сёння праваслаўныя пазнаюць адно аднаго па галінках вярбы ў руках. Цэрквы, вуліцы, хаты расфарбаваныя рознаквеццем вербных букецікаў. Яны ўпрыгожаныя на любы лад – можна нават праводзіць конкурс праваслаўных фларыстаў. Зрэшты, гэта прыгожая, але сучасная і неабавязковая прыкмета – увіваць вярбу стужкамі, штучнымі кветкамі і іншымі аксесуарамі. Галоўнае ў гэтых галінках тое, што ідзе ад старажытнасці, – іх асвечанасць. 

Акропленыя святой вадой галінкі нясуць дадому, каб у жарт, але з найлепшымі пажаданнямі “Не я бью – вярба бье, табе здароўе дае!” пахвастаць сваіх родных. Па-царкоўнаму ж  вярбу трэба размясціць ля іканастаса: да наступнай Вербніцы  увесь год яна будзе абараняць жытло ад нядобрай сілы.

Зрэшты, асвячаць вярбу ля цэркваў сёння будуць увесь  дзень. А вось служба толькі ранішняя. Вербная, яна складаецца з трох частак. Спачатку праскамідыя: калі святар моліцца ў алтары. Другая – так званая літургія аглашэнных - бацюшка звяртаецца да ўсіх прысутных, нават нехрышчоных людзей.  Трэцяя частка – зварот да вернікаў, тых, хто ведае і выконвае царкоўныя праваслаўныя каноны.

Асаблівасць сённяшняй службы – усё святарства ў зялёных уборах. Колер веснавога лісця сімвалізуе абуджэнне прыроды і адраджэнне жыцця.

Вербная нядзеля – знак нашага прывітання Хрысту, які амаль два тысячагоддзі таму ўвайшоў у Іерусалім. Заўтра пачынаецца тыдзень вялікіх выпрабаванняў, якія, згодна з Пісаннем, выпалі  на долю Ісуса. Вернікі падзяляюць іх па-свойму: на Страсную сядміцу самы строгі пост, асаблівая малітва і пакаянне. Вернікі чакаюць Уваскрэсення Хрыстовага.