Сёння традыцыйна з 9 да 12 гадзін у сталіцы і вобласці прайшлі прамыя тэлефонныя лініі

23 мая 2015

Падчас такіх размоў шэраг пытанняў вырашаюць на месцы. Іншыя бяруць пад кантроль.

Падрабязнасці - у Антаніны Станкевіч.

Ніна Корбан сумна ўздыхае: яе асабістая барацьба з аматарамі паркоўкі на “зялёнцы” з кожным годам усе больш нагадвае гісторыю адносін Дон Кіхота з ветракамі. Газон у вузкім Шостым пуцеправодным завулку і зараз выглядае не вельмі прывабна. Жанчына прызнаецца: колькі не прасіла вадзіцеляў пераставіць свае машыны - у адказ чула толькі абразы. Ды і работы супрацоўнікаў Зелянбуда шкада – яны ўжо некалькі разоў спрабавалі засеяць газон травой. Дарэмна. Званок на прамую тэлефонную лінію - як апошняя надзея вырашыць праблему. У гарвыканкаме праблему пачулі - усе ж такі газон не месца для стаянкі машын. Пасля званка на прамую лінію шанцы сустрэць у праблемным месцы экіпаж ДАІ значна выраслі. Другі візіт нашай здымачнай групы на знаёмую вуліцу - і тут жа бачым парушальніка. Бачаць яго і супрацоўнікі ДАІ. Законны штраф, хутчэй за ўсё, прымусіць аўтаўладальніка выбіраць месца для паркоўкі больш старанна.

Тэлефанавалі сёння мінчане і ў Заслаўскі гарвыканкам. Адпачыць сёлета на Хмялеўскіх сажалках у іх не атрымаецца. Любімая многімі тэрыторыя зараз стала вельмі небяспечнай. Месяц таму тут пад ваду пайшла будаўнічая тэхніка. Паўтарэння гісторыі ўжо з адпачывальнікамі ніхто не жадае.

Сёння тэлефонныя званкі традыцыйна прайшлі не толькі ў сталіцы, але і па ўсім цэнтральным рэгіёне. Большасць праблем можна вырашыць. Жаданне і рэсурсы для гэтага ёсць.