Сёння ўрачыста адкрылі новы Чэрвеньскі рынак

6 апреля 2013

Ён змяніў сваю прапіску, але не сутнасць і назву. Сёння ўрачыста адкрылі новы Чэрвеньскі рынак. Ён размясціўся насупраць Лошыцкага парку, усяго ў 10 хвілінах паездкі ад свайго былога месца. Як упэўнілася наша здымачная група, перанос рынку не паўплываў ні на ўмовы працы прадпрымальнікаў, ні на запатрабаванасць у пакупнікоў.
 


Падрабязней - Таццяна Есаулава.

Гэты рынак ужо называюць кампрамісным рашэннем паміж прадпрымальнікамі і ўладамі. Бізнесу і гораду атрымалася дамовіцца па ўсіх пунктах без канфліктаў і страт. Сталічныя ўлады вылучылі пляцоўку, прадпрымальніцкія аб'яднанні знайшлі інвестара і 20 мільярдаў рублёў. А індывідуальныя прадпрымальнікі вырашалі, у якіх умовах і памяшканнях яны будуць працаваць. Інтарэсы кожнага былі ўлічаны.
На рынку размясцілася больш за семсот гандлёвых пунктаў. Праўда, пакуль адкрытыя не ўсе: некаторыя прадпрымальнікі яшчэ не перавезлі свой тавар. Для мясной і малочнай прадукцыі ўзвялі спецыяльны будынак. Але на гэтым развіццё новага Чэрвеньскага рынку не завершыцца - наперадзе планы рэспубліканскага маштабу.


Аляксандр Калінін, старшыня ГА Беларускі саюз прадпрымальнікаў: Мы займаемся карэктыроўкай дэталёвага плану, каб забяспечыць перспектыўную зону развіцця гэтага рынку. Рыхтуецца таксама праект гандлёвага грамадскага цэнтра - гэта другая чарга інвестпраекта, мы мяркуем, што праз год-паўтара гэтая тэрыторыя ператворыцца ў цэнтр развіцця прадпрымальніцтва рэспубліканскага значэння.


З пакупнікамі ў рынку праблем не павінна быць: мікрараён Лошыца з актыўнай забудовай вырасце ў два разы. У перспектыве тут будуць пражываць каля ста тысяч чалавек, гэта ў два разы больш, чым зараз. У асноўным гэта маладыя сем'і, таму на кожны тавар на рынку знойдзецца свой пакупнік.
Адзіная праблема, на якую звяртаюць увагу і наведвальнікі, і прадпрымальнікі, - гэта аддаленасць ад прыпынку грамадскага транспарту. Але і яе абяцаюць вырашыць. Зараз вядуцца перамовы з горадам. Для аўтамабілістаў, каб яны не цясніліся,  пашыраць і адрамантуюць праезную частку.
Побач з новым Чэрвеньскім рынкам адкрылі бясплатную паркоўку, разлічаную на 200 машына-месцаў. Але ўжо відаць, што ўсіх ахвотнікаў яна размясціць не зможа, таму ў найбліжэйшы час паркоўка пашырыцца на сто машына-месцаў.