Сёння студэнты-юрысты з 20 краін будуць разам ратаваць планету

23 мая 2013
Міжнародная алімпіяда Моладзь за мір учора адкрылася пад Мінскам. Спаборніцтвы праходзяць у нашай краіне ўжо восьмы раз, сёлета арганізатары ўзялі за аснову сцэнарый фільма Армагедон.

Пра тое, як 100 чалавек вывучаюць міжнародныя правы, каб у свеце не дапусціць канфліктаў, - рэпартаж Ксеніі Рабчынскай.
Выратаваць чалавецтва і захаваць мір на Зямлі. Менавіта такія мэты арганізатары алімпіяды ставяць перад яе ўдзельнікамі. Учора ў Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” ў Мінск прыехалі будучыя юрысты і ўжо вопытныя прафесіяналы з 20 краін свету.
На час алімпіяды журы ператвараецца ў прэзідэнтаў выдуманых краін, а ўдзельнікі - у іх саветнікаў. Студэнтам на практыцы трэба ўладзіць юрыдычныя пытанні, якія ўзнікаюць пры ўзброеным канфлікце або нават пры падзенні на горад метэарыта. Дарэчы, асновай спаборніцтваў сёлета стаў фільм Армагедон.
Сёлета арганізатары вырашылі прыцягнуць увагу студэнтаў-юрыстаў да новых тэхналогій і іх ролі ў вырашэнні міжнародных канфліктаў. Галоўная мэта ўрада такой выдуманай краіны - не дапусціць у дзяржавах канфліктаў. Моладзь за мір - менавіта так гучыць дэвіз алімпіяды.
Ужо восьмы раз у Мінску збіраюцца прадстаўнікі юрыдычных школ з усяго свету. За званне лепшага юрыста, акрамя каманды з нашай краіны, суседніх Расіі, Польшчы, Латвіі і Украіны, будуць змагацца студэнты з Грузіі, Казахстана, Кітая, Кеніі, Кубы, Сінгапура і Сербіі.
У журы алімпіяды - эксперты сусветнага ўзроўню, прафесары ў галіне міжнароднага права з Новай Зеландыі, Германіі, Аргенціны, Нарвегіі, Арменіі, Расіі і Аўстраліі. Яшчэ да пачатку спаборніцтваў яны прачыталі для студэнтаў лекцыі і адказалі на ўсе пытанні, якія цікавяць будучых юрыстаў.
Аляксей Стук, намеснік Генеральнага пракурора Беларусі: Першым чынам, гэта ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва. Актуальна юрыстам не толькі працаваць у праваахоўных органах, займацца ўнутранымі юрыдычнымі пытаннямі, а менавіта выходзіць на міжнародную арэну.
Завершыцца міжнародная юрыдычная алімпіяда ўжо заўтра, тады і падвядуць вынікі. Хоць, як прызналася ў інтэрв'ю журы, перамога тут не самае галоўнае.
Таму арганізатары для ўдзельнікаў вырашылі арганізаваць невялікае турнэ - экскурсіі па самых прыгожых кутках Мінска.