Сёння сотні беларускіх паломнікаў адправіліся ў Мядзельскі раён

1 июля 2013

Пяць дзён вернікі будуць ісці пешшу, каб 5 ліпеня разам з іншымі паломнікамі адзначыць вялікае рэлігійнае свята - 400-годдзе знаходжання на беларускай зямлі цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай.


Шчаслівай дарогі пілігрымам пажадала і наш карэспандэнт Паліна Іванча. Гэтая імша пачалася ў Архікафедральным касцёле Мінска роўна а восьмай гадзіне раніцы. А ўжо каля дзесяці 325 вернікаў рушылі з храма і наогул са сталіцы ў напрамку Будслава. Ісці да Будслава мінскія пілігрымы будуць пяць дзён. У дарозе да іх далучацца паломнікі і з іншых прыходаў, такім чынам у Будслаў прыйдзе ўжо амаль чатыры сотні чалавек, каб разам з тысячамі іншых паломнікаў адзначаць вялікае рэлігійнае свята - 400-годдзе знаходжання на беларускай зямлі цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай.


А між тым першая пілігрымка адправілася ў Будслаў яшчэ ў мінулы чацвер, паломнікі прыбудуць на свята ў Будслаў якраз 5 ліпеня.


Тадэвуш Кандрусевіч, архіепіскап, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: Я атрымаў звестку, што з Гродна рушыла пілігрымка на роварах. Там падлічылі, што ад Гродна да Будслава 400 кіламетраў, 400 гадоў Будславу, санктуарыю будслаўскаму - гэта сімвалічна.


Яшчэ адна пілігрымка на веласіпедзе выедзе ў сераду а другой гадзіне ад сталічнага Чырвонага касцёла. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч таксама на веласіпедзе праводзіць паломнікаў з горада.


А ўжо заўтра а сёмай гадзіне раніцы ад Чырвонага касцёла пойдзе так званая пакутная пілігрымка. У ёй прымуць удзел каля 60 вернікаў. Паломнікі будуць ісці, сілкуючыся толькі хлебам і вадой . Усяго ж на свята ў Будславе чакаецца амаль 4 тысячы вернікаў.