Сёння самае рамантычнае свята - Дзень усіх закаханых

14 февраля 2015

Валянцінкі, пацалункі, сардэчныя абдымкі і клятвы шлюбнай вернасці. Сёння самае рамантычнае свята - Дзень усіх закаханых. Паводле звычаю, якому ўжо некалькі стагоддзяў, у Валянцінаў дзень трэба прызнавацца ў каханні. Кожны закаханы прыдумвае арыгінальныя віншаванні, каб уразіць сваю палавінку.

Як адзначаюць рамантычнае свята мінчане - высветліла Юлія Плытнік. Сёння патраціцца на прыгажосць для блізкіх і родных - апраўдана. Мужчыны з кветкамі і падарункамі спяшаюцца павіншаваць сваіх палавінак. Гэты святочны дзень традыцыйна многія правядуць дома з сям’ёй.

А вось ажаніцца ў сталіцы ў гэты дзень вырашылі каля 250 пар. Усе яны яшчэ некалькі месяцаў таму падалі заявы менавіта на гэтую дату. Бо вераць, што сімвалічныя лічбы павінны спрыяць паспяховаму шлюбу.

Ва ўсіх загсах у Дзень закаханых сапраўдны бум. Ахвотнікаў узяць шлюб сёння больш чым звычайна. Толькі ў загсе Першамайскага раёна 25 пар. У пакоі нявесты ўжо сабраліся сяброўкі. А ў маладой радасць і прыемныя хваляванні ад таго, што можна апрануць белую святочную сукенку і вэлюм.

У Марыны Паўлавай мары здзяйсняюцца. Яна выходзіць замуж у 18. Яна нават і не думала, што з выпадковай сустрэчы, кахання з першага погляду, можа вырасці сур’ёзнае пачуццё. Са сваім будучым мужам пазнаёмілася ў гасцях. Гісторыя звычайная. Ён убачыў яе прыгожыя вочы і зразумеў – яна тая самая.

Жаніх прызнаецца: чакаў яе ўсё жыццё. Спачатку вучоба, зараз праца. Прыгожых дзяўчат бачыў шмат, але зачапіла толькі Марына.

Новая тэндэнцыя гэтага года, якую выбірае большасць маладых - вяселлі ў беларускім стылі з айчыннымі народнымі традыцыямі.

Паводле слоў астролагаў, свята выпадае на 25-ы месяцавы дзень пад знакам Чарапахі. Час ператварэння, супакою і сузірання. Паводле слоў даследчыкаў, браць шлюб трэба вельмі свядома, бо сённяшні дзень спрыяе толькі трывалым саюзам, якія не сумняваюцца ў пачуццях.