Сёння рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза адсвяткуе першы юбілей

13 декабря 2013
У гэты ўікэнд маёнтак у Белавежскай пушчы ператворыцца ў вялікую казачную вёску. За 10 гадоў у навагодняга чараўніка пабывалі турысты з 90 краін. Іх лік ужо набліжаецца да мільёна.

Якая святочная праграма чакае гасцей ужо сёння, распавядзе Вікторыя Патоня.

Сёння маёнтку беларускага Дзеда Мароза - 10 гадоў. У першы дзень урачыстасцяў падарункі і віншаванні будзе прымаць яшчэ адна пушчанская імянінніца. Самай высокай навагодняй елцы ў Еўропе спаўняецца 150 гадоў. Вышыня вечназялёнай прыгажуні больш чым 40 метраў.

На свята да пушчанскага Дзеда Мароза прыедуць некалькі тысяч гасцей, у тым ліку персанажы з народных казак Беларусі, Украіны, Расіі, Татарстана. Дарэчы, у такім складзе казачныя героі ў нашай краіне збяруцца ўпершыню.

Гасцей нацыянальнага парка чакаюць касцюміраванае шэсце навагодніх персанажаў, адкрыццё майстэрні Матухны Зімы і Музея ледзянога побыту, першай міжнароднай казачнай вярсты. Таксама будзе закладзена Алея Казачнай славы і падпісана пагадненне аб стварэнні казачнага саюза Расіі і Беларусі.

У Белавежскай пушчы чакаюць сапраўдны аншлаг - больш за 10 тысяч турыстаў. Забраніраваны ўсе нумары ў гасцініцах і гасцявых дамах нацыянальнага парка. Таксама тут чакаюць, што мільённы наведвальнік з'явіцца менавіта ў гэтыя дні.