Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Праабражэнне Гасподне

19 августа 2015

Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць адну з 12 галоўных царкоўных урачыстасцяў - Праабражэнне Гасподне. Паводле традыцыі, у гэты дзень хрысціяне прыносяць у цэрквы плады новага ўраджаю, а таму ў народзе свята яшчэ называюць Яблычным спасам. Аляксандра Драгун - пра традыцыі і сакральны сэнс свята.

“Твар Яго зіхацеў, а адзенне стала бялюткім, быццам снег”... Так у Евангеллі апісвалася цудадзейнае Праабражэнне Гасподне на гары Фавор. Тады сваё Боскае аблічча Ісус Хрыстос явіў прароку Іллі і Майсею. А сёння званы ўсіх праваслаўных храмаў абвяшчаюць гэтую навіну вернікам.

Праабражэнне Гасподняе - адно з 12 галоўных царкоўных святаў. Таму пачынаюць яго з багаслужэння. Падчас літургіі ў храме гучаць праабражэнскія спевы і малітвы. Хоць свята прыпадае на перыяд Успенскага посту, сёння для вернікаў дазваляецца палёгка ў трыванні - ўжываць можна рыбу.

Сённяшняя ўрачыстасць мае некалькі назваў - Свята фаворскага святла і Яблычны спас. Першае пайшло ад гары, дзе Ісус здзейсніў цуд. Другое ж атрымала назву ад галоўнага плоду - яблыка, што сімвалізуе багацце дароў Бога, якімі ён надзяляе вернікаў. Таму пасля службы вернікі прыносяць у храм плады новага ўраджаю, каб акрапіць іх святой вадой.

Яблычны спас для Марыны Лаваш - свята сямейнае. Памятае, у дзяцінстве са сваёй матуляй прыносіла ў храм яблыкі, ігрушы, слівы, каб акрапіць ураджай святой вадой. Пасля службы скрыні з асвечанай садавінай прыносілі дамоў, каб гатаваць з гэтых інгрэдыентаў ласункі. Пірог з яблыкаў атрымліваецца хутчэй і спрытней, бо рэцэпт шарлоткі асвоіла і дачка Марыны Алісія. Пасля асвячэння пладоў новага ўраджаю, паводле народнай традыцыі, гаспадыні нарыхтоўваюць на зіму яблычнае варэнне, кампоты ці джэм. Альбо запякаюць наліўныя. Гэтымі стравамі спачатку частуюць гасцей, а затым смакуюць самі.

Калі верыць народным традыцыям, пасля Праабражэння павінна перамяніцца і сама прырода. Калі на Яблычны спас ясны дзень, то патрэбна чакаць суровай зімы. Але, безумоўна, якія б традыцыі не існавалі, галоўнае - гэта сакральнае значэнне самога свята: духоўная еднасць з Богам.