Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Вадохрышча або Богаяўленне

19 января 2013
Цнянскае вадасховішча сёння стала месцам сапраўднага паломніцтва. Нягледзячы на 15-градусны мароз з самай раніцы сюды ідуць натоўпы людзей. І кожны нырае ў палонку, каб быць здаровым.
Для курсантаў камандна-інжынернага інстытута МНС прайсці праз вадохрышчанскую ваду асабліва значна. Будучыя ратавальнікі сёння яшчэ адзначаюць і сваё прафесійнае свята. Увогуле, да іардані ідуць не дзеля хвальбы. Наадварот, з пакорай. Ды і асноўны сэнс акунання ў палонцы - у ачышчэнні сэрца і розуму.
І ўсё ж галоўная асаблівасць Богаяўлення - святая вада. Каля кожнага праваслаўнага храма вобласці альбо ў саміх храмах знаходзяцца спецыяльныя рэзервуары з асвячонай вадой. Вернікі могуць набіраць яе ў неабмежаванай колькасці. Існуе павер'е, што набраная на Вадохрышча вада валодае дзіўнымі ўласцівасцямі: захоўвае свежасць цэлы год, лечыць ад хвароб, надае бадзёрасць і здароўе.
У гэты дзень, паводле адной з царкоўных стыхір, асвячаецца ўсіх вод існасць. Таму не толькі вада ў храме, а нават вада з-пад крана сёння становіцца вадохрышчанскай.