Сёння праваслаўныя адзначаюць Праабражэнне Гасподняе ці Яблычны Спас. У гэтыя хвіліны ў храмах Беларусі праходзяць святочныя богаслужэнні і традыцыйнае асвячэнне садовых пладоў.
Ля Свята-Духава кафедральнага сабора працуе наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.
Зараз у Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы падыходзіць да завяршэння святочная літургія. Тут, у галоўным праваслаўным храме Беларусі, яе правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Менавіта ў гэтыя хвіліны Уладыка звяртаецца да вернікаў з пропаведдзю. Служба сёння адна з самых прыгожых і ўрачыстых у годзе: храм упрыгожаны кветкамі, усё святарства ў беласнежных строях - белы колер сёння сімвалізуе боскае Фаворскае святло. Згодна з Евангеллем, на гару Фавор (гэта недалека ад Назарэта, горада на поўначы Ізраіля, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва Хрыста) Ісус прывёў памаліцца трох са сваіх вучняў і падчас малення пераўтварыўся ў светлае, поўнае ззяння воблака. Тым самым ён праявіў сваю боскую сутнасць і быццам бы прадказаў будучае Уваскрэсенне.
Пра Фаворскае святло сёння моляцца ва ўсіх праваслаўных храмах. А таксама сёння да цэркваў прыносяць яблыкі і іншую садавіну для акраплення святой вадой. Хутка гэтая працэдура, адна з традыцыйных і, бадай, самых вядомых і любімых у народзе, распачнецца тут, каля Свята-Духава сабора. Звычайна на Спасава асвячэнне сюды збіраецца мноства народу. Сённяшняе свята не выключэнне. Нягледзячы на рабочы дзень, людзі знаходзяць час, каб прыйсці да храма, царква поўная з самага ранку, з пачатку службы. Яблыкі будуць асвячаць як у самой царкве, так і на вуліцы - тут ужо падрыхтаваныя спецыяльныя сталы. У народзе лічыцца, што менавіта з гэтага дня пасля працэдуры асвячэння садавіну з дрэў можна есці.













